У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы вучацца і паспяхова выпускаюцца спецыялісты, якія гатовы прымаць выклікі сучаснага свету. Выпускнікі гэтай навучальнай установы, купалаўцы, валодаюць не толькі тэарэтычнымі ведамі, але і практычным вопытам, які яны набываюць дзякуючы сучасным метадам навучання і актыўнай навукова-даследчай дзейнасці.
Пасля заканчэння ўніверсітэта маладым спецыялістам адкрываюцца шырокія магчымасці для кар'ернага і асобаснага росту. Яны могуць прымяніць свае веды і навыкі ў самых розных галінах: ад навукі і адукацыі да бізнесу і будаўніцтва.
Выпускніца Ваўкавыскага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы патрапіла ў дружную педагагічную сям'ю. Малады настаўнік сярэдняй школы №3 гарадскога пасёлка Зэльва Вікторыя Антановіч па размеркаванні вярнулася на малую радзіму. Падрастаючаму пакаленню дзяўчына выкладае англійскую мову. За некалькі месяцаў Вікторыя змагла не толькі ўключыцца ў працу, але і схіліць да сябе навучэнцаў. Дзеці ставяцца да яе з павагай. Гэта, адзначыла Вікторыя, дзякуючы яе падыходу да адукацыйнага працэсу.
– Я зразумела, што ў нас склаліся добрыя адносіны з дзецьмі, калі яны сталі звяртацца да мяне за дапамогай, прасіць парады. Часта яны падыходзяць на перапынках, дзеляцца ўражаннямі. Вядома, я гэтаму радая. Бо ў нашай прафесіі вельмі важна знайсці падыход да дзяцей. Без гэтага настаўнік не зможа выконваць сваю працу, - падзялілася Вікторыя.
З першага дня працы за маладым настаўнікам замацавалі больш дасведчанага калегу. Гэта дапамагло Вікторыі не толькі ўліцца ў працоўную атмасферу, але і наладзіць сяброўскія сувязі.
– У гэтым годзе ў школу прыйшлі некалькі маладых спецыялістаў, у ліку якіх і я. Педагагічны калектыў у асноўным складаецца з дасведчаных настаўнікаў, таму спачатку было хвалююча прыступаць да працы. Але ўжо ў першыя тыдні зразумела, што заўсёды магу звярнуцца па дапамогу і параду, – сказала дзяўчына.
Вікторыя жыве ў бацькоўскай хаце. Але пасля заканчэння адпрацоўкі дзяўчына сур'ёзна задумваецца аб уласным жыллі. Пакідаць родны горад, як і мяняць месца працы, Вікторыя не плануе: тут яе ўсё задавальняе.
– Думаю, з наступнага года мне могуць прапанаваць класнае кіраўніцтва або весці факультатыўныя заняткі. Адмаўляцца не буду - хачу развівацца ў прафесіі, а пакуль што выконваю ўскладзеныя на мяне абавязкі, – адзначыла настаўнік.
Для паспяховай кар'еры ў будаўнічай сферы маладым спецыялістам важна пастаянна вучыцца, сачыць за інавацыямі ў галіне, развіваць soft skills, такія як камунікацыя, вырашэнне праблем, праца ў камандзе.
У каманду ААТ "Гроднажылбуд" у ліпені прыйшоў малады і вельмі амбіцыйны інжынер-канструктар Аляксандр П'янкоў. Яшчэ падчас вучобы ў ГрДУ імя Янкі Купалы юнак праходзіў практыку на гродзенскім прадпрыемстве. Там ён добра сябе зарэкамендаваў і атрымаў запрашэнне працягнуць працу ўжо ў якасці маладога спецыяліста.
– У будаўнічую сферу мяне прывёў бацька. Тата будаваў лазню, дом, таму я быў добра знаёмы са спецыфікай працы. У больш усвядомленым узросце ў мяне з'явілася імкненне самому ствараць нешта новае. Мне было 15, калі пачаў сам маляваць праекты лазняў, агародж, – расказаў Аляксандр.
Параіўшыся з бацькамі, хлопец прыняў рашэнне вучыцца на інжынера-канструктара. Ужо ў першыя тыдні працы ў ААТ "Гроднажылбуд" малады чалавек актыўна ўдзельнічаў у калегіяльных абмеркаваннях, падаваў новыя нестандартныя ідэі для праекціроўкі.
– Я стараюся глядзець на працу свежым поглядам. Адказна стаўлюся да бяспекі праектаванага жылля і выгоды яго эксплуатацыі. Кожны мой уклад у новы праект - гэта карысць роднаму гораду, яго жыхарам. Ганаруся, што мая праца дае магчымасць будаваць будучыню, – падзяліўся Аляксандр.
Спецыфіка працы інжынера-канструктара складаецца ў тым, каб рэалізаваць на практыцы эскіз архітэктара. Гэта значыць, атрымаўшы малюнак умоўнага дома, Аляксандр павінен прадумаць, як пабудаваць яго так, каб ён быў бяспечным і камфортным для пражывання. Дарэчы, ужо зацверджаны праект шматкватэрнага жылога дома, які поўнасцю запраектаваў наш герой. У найбліжэйшай будучыні будынак будзе ўзведзены ў Гродне.
На будучы год у Аляксандра вялікія планы. У яго выбранніцы якраз скончыцца адпрацоўка, пасля чаго маладыя людзі хочуць ажаніцца і пераехаць ва ўласную кватэру. Будаваць сваё сумеснае жыццё яны будуць у Гродне.