25 лістапада на базе інтэрната №6 ГрДУ імя Янкі Купалы прайшло пазнавальнае мерапрыемства, арганізаванае дацэнтамі кафедры англійскай філалогіі Анастасіяй Дудзько і Марынай Іоскевіч сумесна са студэнтамі 3 курса спецыяльнасцей «Рамана-германская філалогія» і «Сучасныя замежныя мовы».
Мерапрыемства было прысвечана важнай тэме – «Асновы этыкету». Падчас гэтага мерапрыемства ўдзельнікі вывучылі і абмеркавалі правілы ветлівых паводзін у грамадскіх месцах. Этыкет – гэта неад'емная частка нашага паўсядзённага жыцця, і веданне яго правілаў дапамагае праяўляць павагу да навакольных, ствараць гарманічную атмасферу і адчуваць сябе ўпэўнена ў любой абстаноўцы.
Студэнты прадставілі даклады і прэзентацыі аб правілах паводзін у інтэрнаце, у самалёце, у цягніку, за сталом, аб нормах паводзін за мяжой. Студэнткі філалагічнага факультэта разыгралі сцэнкі, у якіх удзельнікам прапаноўвалася адгадаць, у чым было парушэнне правілаў этыкету. Дацэнт Анастасія Дудзько расказала пра віды этыкету і правяла са студэнтамі гульню, у якой ім трэба было суаднесці малюнак на картцы з адным з відаў этыкету. Даклады і прэзентацыі выклікалі зацікаўленасць удзельнікаў, гледачы задавалі выступоўцам пытанні, прыводзілі ўласныя прыклады захавання і парушэнні правілаў этыкету.
Купалаўцы актыўна ўдзельнічалі ў інтэрактыўных і ролевых гульнях, дыскусіях, што спрыяла глыбейшаму засваенню матэрыялу.
Дзякуючы такім сустрэчам студэнты атрымліваюць не толькі тэарэтычныя веды, але і практычныя навыкі, якія спатрэбяцца ім у будучай прафесійнай дзейнасці і паўсядзённым жыцці.