Беларуска-Расійскі ўніверсітэт у Магілёве на тры дні стаў пляцоўкай для медыяфоруму "Моладзь Саюзнай дзяржавы за мір і адзінства", прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 25-годдзю Саюзнай дзяржавы. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі студэнцкай моладзі Беларусі і Расіі.
Асноўная мэта - стварэнне інфармацыйнай платформы для абмену думкамі, ідэямі і вопытам сярод студэнцкай моладзі Беларусі і Расіі. Медыяфорум накіраваны на развіццё супрацоўніцтва ў галіне СМІ, культуры і адукацыі, захаванне агульнай гістарычнай памяці, умацаванне ўзаемаразумення і сяброўства паміж маладымі людзьмі дзвюх краін.
З 5 па 7 снежня ўдзельнікі павінны былі абмеркаваць актуальныя пытанні, звязаныя з развіццём студэнцкіх медыя, маладзёжнай палітыкі, сацыяльнымі ініцыятывамі і культурным абменам, што будзе садзейнічаць фарміраванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў маладых людзей.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы прадставілі студэнты спецыяльнасці «Журналістыка» Карына Місцюк і Арцём Булгакаў. У складзе каманды "4EVER MEDIA" рабяты за два дні зрабілі ўсё і нават больш: ад відэаролікаў і рубрык да буклетаў і стратэгій прасоўвання аб'яднанай беларуска-расійскай студэнцкай рэдакцыі "Вектар". Іх актыўны ўдзел і крэатыўныя ідэі сталі яскравым прыкладам таго, як моладзь можа ўнесці значны ўклад у развіццё медыяпраектаў.
- Медыяфорум перасягнуў усе чаканні! Насычаная праграма дапамагла ўмацаваць тэарэтычныя веды, асвоіць новыя метады і формы работы ў сацыяльных сетках, а самае галоўнае - знайсці новыя знаёмствы, якія дапамогуць развіваць супрацоўніцтва ў медыяпрасторы Саюзнай дзяржавы, - расказала Карына Місцюк.
Дзяўчына лічыць, што для паспяховага развіцця ў медыяіндустрыі важна не проста ўмець пісаць, здымаць і гаварыць, але і хутка адаптавацца да новых тэхналогій.
- Крэатыўныя рашэнні, смелыя ідэі, любоў да сваёй справы - гэта частка паспяховага шляху ў свеце медыя. Яшчэ адзін ключ да поспеху - гэта камандная праца. На форуме я ў гэтым упэўнілася: мы стварылі якасны прадукт і выйгралі дзякуючы зладжанай працы. Медыяфорум - зарад энергіі і натхнення! Галоўныя інструменты поспеху ў медыяіндустрыі: уменне хутка адаптавацца, праца ў камандзе і любоў да сваёй справы. Астатняе - справа тэхнікі! - дадала Карына.
Будучы журналіст Арцём Булгакаў, які ўжо сёння дабіваецца поспехаў у сваёй сферы і з'яўляецца выдатным аператарам, расказаў аб тым, што на форуме яго асабліва ўразіў майстар-клас "Метады і формы работы ў сацыяльных сетках і месенджарах". Гэты майстар-клас правёў дацэнт кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі, кандыдат філалагічных навук БДУ і намеснік дэкана па лічбавых тэхналогіях на грамадскіх пачатках, Аляксандр Градзюшка.
Па выніках форуму каманда "4EVER MEDIA", якую сфарміравалі студэнты РУДН імя Патрыса Лумумбы, МДУ імя М.В. Ламаносава, БНТУ, БрДТУ, ГрДУ імя Янкі Купалы, ПалесДУ, БРУ, ПДУ, была прызнана лепшай. Пераможцы атрымалі запрашэнне на ўдзел у III Расійска-беларускім форуме студэнцкіх СМІ "Індустрыя медыя", які адбудзецца ў 2025 годзе на базе ПскоўДУ.
Беларуска-Расійскі медыяфорум "Моладзь Саюзнай дзяржавы за мір і адзінства" праходзіць пры падтрымцы Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі і ўзгоднена з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.