Стыпендыі Прэзідэнта Беларусі на 2025 год назначаны 66 маладым вучоным. Адпаведнае распараджэнне падпісаў 11 снежня Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
Сярод тых, каму прызначаны стыпендыі, 5 дактароў навук ва ўзросце да 45 гадоў, 35 кандыдатаў навук да 35 гадоў і 26 маладых вучоных без ступені да 30 гадоў. Гэта прадстаўнікі розных навук: фізіка-матэматычных, тэхнічных, хімічных, біялагічных, медыцынскіх, фармацэўтычных, аграрных, сацыяльных, гуманітарных і навук аб Зямлі. Кожны стыпендыят мае значныя вынікі і дасягненні ў прыярытэтных напрамках навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, унёс уклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі, сярод іх і купалаўцы.
Стыпендыя прызначана Кацярыне Глякоўскай, дацэнту Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы за комплекснае даследаванне складу дамінуючых груп фітафагаў драўняна-хмызняковых раслін у натуральных і антрапагенна-трансфармаваных зялёных насаджэннях Гродзенска-Прадпалескага рэгіёну.
Таксама стыпендыя прызначана Таццяне Ільіч, дацэнту Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы за ўстанаўленне высокага гепатапратэктарнага патэнцыялу раслінных поліфенолаў і іх комплексаў з 2-гідраксіпрапіл-В-цыкладэкстрынам у эксперыментах in vitro і ў лабараторных пацукоў для эксперыментальных хранічных запаленняў, перспектыўных для стварэння біякарэктараў для аднаўлення клетак печані.
Усе даследаванні і распрацоўкі маюць прыкладны характар, укаранёны ў практычную дзейнасць арганізацый рэальнага сектара эканомікі, устаноў аховы здароўя, адукацыі, навукі.
Стыпендыі Прэзідэнта Беларусі маладым вучоным назначаюцца з 2005 года па выніках штогадовага адкрытага рэспубліканскага конкурсу ў мэтах стымулявання творчай ініцыятывы і інтэлектуальнага пошуку маладых вучоных.
Гэта мера дзяржаўнай падтрымкі накіравана на замацаванне моладзі ў сферы навукі, умацаванне кадравага патэнцыялу навуковых арганізацый, развіццё айчынных навуковых школ, якія павінны забяспечыць прарыўныя распрацоўкі ў галінах рэальнага сектара эканомікі і сацыяльнай сферы.