На факультэце біялогіі і экалогіі прайшоў круглы стол па біяхіміі і клетачнай біялогіі. Мерапрыемства адбылося ў рамках сустрэчы супрацоўнікаў біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і супрацоўнікаў факультэта біялогіі і экалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Спікерамі сустрэчы выступалі кандыдат біялагічных навук, намеснік дэкана па навуковай рабоце біялагічнага факультэта БДУ Наталля Пшыбытка і кандыдат біялагічных навук, дацэнт, намеснік дэкана факультэта біялогіі і экалогіі Купалаўскага ўніверсітэта Вольга Траццякова.
Сустрэча пачалася са слоў намесніка дэкана па навуковай рабоце факультэта біялогіі і экалогіі Таццяны Ільіч. Узаемадзеянне адбывалася праз абмеркаванне пытанняў па акрэсленай тэме і прапаноў па супрацоўніцтве ў галіне экалогіі, біяхіміі, батанікі і біятэхналогіі.
Прафесар кафедры біяхіміі, доктар біялагічных навук, прафесар Ілля Заводнік правёў экскурсію па навуковай лабараторыі кафедры біяхіміі, а таксама пазнаёміў гасцей мерапрыемства з вынікамі даследчай работы навукова-педагагічнай школы "Біяэнергетыка клеткі: структура і функцыі мітахондрый у норме і пры паталогіі".
Мерапрыемства прайшло на высокім прафесійным узроўні і ў цёплай дружалюбнай атмасферы.