З 2025 года ў Гуманітарным каледжы адкрываецца новая спецыяльнасць – «Дызайн гукавога асяроддзя» з прысваеннем кваліфікацыі «Тэхнік-гукааператар. Настаўнік». Купалаўскі каледж стаў першай сярэдняй спецыяльнай установай адукацыі, дзе адкрылася такая спецыяльнасць. Адправіліся на месца падзей, каб даведацца, як будуць рыхтаваць спецыялістаў, якія ведаюць аб гуку ўсё.
Сам час прадыктаваў з'яўленне новай спецыяльнасці. Гук – неад'емная частка любога мерапрыемства і аўдыёвізуальных прадуктаў. Але як зрабіць так, каб магія здарылася і на канцэрце спевака не перакрываў мінус, як прыбраць лішнія шумы з гукавой дарожкі і запісаць ідэальны падкаст нават у сябе дома? Усяму гэтаму і многаму іншаму будуць навучаць на новай спецыяльнасці. Як расказала намеснік дырэктара Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы Юлія Булутава, спецыялісты з міжгаліновымі кампетэнцыямі зараз асабліва запатрабаваны на рынку працы.
– Дызайн гукавага асяроддзя – гэта спецыялізаваная вобласць дызайну, якая засноўваецца на мадэляванні гукавых прастор. У сучаснай медыя-і інтэртэймент-індустрыі недастаткова проста ўключыць калонку ці кнопку запісу. Ужо зараз можна сказаць, што нашы спецыялісты будуць запатрабаваны. Зацікаўленасць у такіх спецыялістах паказваюць заказчыкі кадраў, ужо зараз патрэбны больш за 70 прафесіяналаў у галіне гукавога дызайну.
Уся неабходная матэрыяльна-тэхнічная база ў каледжы ўжо ёсць, бо адміністрацыя вельмі доўга ішла да адкрыцця новай спецыяльнасці і старанна рыхтавалася. У распараджэнні ў навучэнцаў будзе музычна-камп'ютарная лабараторыя і студыя гуказапісу, а частку дысцыплін ужо паспелі апрабаваць у рамках іншых спецыяльнасцей.
– У цэлым спецыяльнасць складаецца з навучальных модуляў, якія ахопліваюць як фундаментальныя дысцыпліны, так і вузкаспецыялізаваныя. Напрыклад, рабяты будуць вывучаць камп'ютарную аранжыроўку, вучыцца ствараць гукавыя вобразы і разбірацца ў менеджменце музычнай індустрыі, каб разумець, як яна працуе. Такі шырокі спектр дысцыплін, якія вывучаюцца, дазволіць працаваць не толькі ў школе. Выпускнік зможа працаваць саўнд-дызайнерам, дызайнерам па гуку.
У новай спецыяльнасці зацікаўлены і абітурыенты. З моманту анансавання спецыяльнасці назіраецца сапраўдны ажыятаж. Многія маладыя людзі, якія імкнуцца рэалізаваць свае творчыя амбіцыі, ужо выказваюць жаданне паступіць на новую праграму. Першы набор складзе 25 чалавек, што дазволіць стварыць невялікую, але згуртаваную групу студэнтаў, якая зможа глыбока пагрузіцца ў вывучэнне прадмета.
Падчас прыёмнай кампаніі абітурыенты павінны прайсці ўступныя іспыты, якія дапамогуць выявіць іх творчы патэнцыял і цікавасць да выбранай спецыяльнасці.
Адкрыццё новай спецыяльнасці ў Гуманітарным каледжы ГрДУ імя Янкі Купалы - гэта не проста крок наперад у адукацыйным асяроддзі, але і значны ўклад у развіццё творчага патэнцыялу моладзі.