З 29 жніўня 2024 года па 28 лютага 2025 года Янь Хунюй, выкладчык мастацкіх прадметаў Ціндаоскага каледжа дашкольнай адукацыі з Кітайскай Народнай Рэспублікі, паспяхова прайшла стажыроўку на базе факультэта мастацтваў і дызайну ГрДУ імя Янкі Купалы. Гэтая праграма, прысвечаная ўдасканаленню прафесійных кампетэнцый і выкладанню дысцыплін у сферы дызайну і мастацкай адукацыі, накіравана на абмен досведам і інтэграцыю лепшых практык у адукацыйны працэс.
Асноўнай мэтай стажыроўкі было паглыбленне ведаў у галіне дызайну і мастацтва, а таксама распрацоўка новых метадычных падыходаў да навучання студэнтаў. Янь Хунюй імкнулася вывучыць інавацыйныя метады выкладання, якія могуць быць у далейшым адаптаваны да спецыфікі кітайскай адукацыйнай сістэмы.
Праграма стажыроўкі ўключала ў сябе розныя аспекты. Янь Хунюй наведвала лекцыі, якія праводзілі вядучыя спецыялісты ў галіне мастацтва і дызайну. Гэта дало ёй магчымасць азнаёміцца з сучаснымі тэндэнцыямі і новымі падыходамі да выкладання. Важнай часткай стажыроўкі сталі практычныя заняткі, на якіх удзельнікі маглі прымяняць атрыманыя веды на практыцы. Госця з Кітая актыўна ўдзельнічала ў майстар-класах, дзе вывучала розныя тэхнікі і метады працы з матэрыяламі. Выкладчык мела магчымасць абменьвацца вопытам з калегамі, абмяркоўваючы метадычныя матэрыялы і падыходы да навучання, што садзейнічала ўзаемнаму ўзбагачэнню ведамі. Таксама Янь Хунюй прымала актыўны ўдзел у масавых мерапрыемствах, якія праводзяцца на базе Купалаўскага ўніверсітэта і Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы. Адной з яркіх падзей стала святкаванне Кітайскага Новага года.
Пасля заканчэння стажыроўкі дзяўчына адзначыла, што атрыманыя веды і навыкі істотна пашырылі яе прафесійны кругагляд. Яна плануе ўкараніць у сваю работу новыя методыкі, якія дапамогуць павысіць якасць адукацыі ў сферы традыцыйнай культуры. Акрамя таго, стажыроўка садзейнічала ўмацаванню міжнародных сувязей і стварэнню платформы для далейшага супрацоўніцтва паміж навучальнымі ўстановамі.