Напярэдадні 8 сакавіка адбыўся конкурс для дзяўчат "Творцы прыгажосці". Арганізатарамі выступілі фізіка-тэхнічны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы сумесна з інтэрнатам №6 і першаснай прафсаюзнай арганізацыяй навучэнцаў.
Мэтай мерапрыемства з'яўлялася фарміраванне эстэтычнага густу і азнаямленне навучэнцаў з прадукцыяй, што выпускаецца лёгкай прамысловасцю Рэспублікі Беларусь.
Першы этап конкурсу прайшоў у фармаце інтэлектуальнай віктарыны, якая ўключала ў сябе турнір "Што я ведаю пра беларускую касметыку?" і гульню на нагляднасць «Адгадай брэнд». Неабыякія баталіі разгарнуліся ў кожным спаборніцтве першага этапу. Дзяўчаты змагаліся за званне знаўцаў брэндаў айчыннай касметыкі, адзення, абутку і аксесуараў.
Другі этап конкурсу - турнір "Залатая кісць ГрДУ" стаў самым яркім і захапляльным. Каманды змаглі прадэманстраваць свае творчыя навыкі і паспаборнічаць у мастацтве макіяжу. Дзяўчатам трэба было адлюстраваць на спецыяльных трафарэтах макіяж, які ўвасабляе іх факультэты.
Па выніках конкурсу журы вызначыла некалькіх пераможцаў. Абсалютным пераможцам стала каманда фізіка-тэхнічнага факультэта, 2 месца падзялілі каманды філалагічнага факультэта і факультэта матэматыкі і інфарматыкі, 3 месца журы прысудзіла факультэту гісторыі, камунікацыі і турызму.