Сёння, 27 студзеня, у Мінску стартаваў нацыянальны адборачны раўнд міжнароднага конкурсу. У гэтым годзе спаборніцтва прысвечана праблеме экалагічных бежанцаў, эксплуатацыі агульных прыродных рэсурсаў і вяртанню культурных каштоўнасцяў.
За перамогу ў конкурсе змагаюцца дзевяць каманд, у іх ліку каманда Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Нашу alma mater сёлета прадстаўляюць студэнткі юрыдычнага факультэта Кацярына Арочка, Вераніка Кладкевіч, Юлія Карпуць і Юлія Залеўская пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры міжнароднага права Наталлі Габец.
Конкурс Джэсапа праходзіць у форме гульнявога судовага працэсу на англійскай мове. Тут студэнты выступаюць у ролі юрыдычных дарадцаў, прадстаўляючы пазіцыі сваіх кліентаў (дзяржаў) у Міжнародным судзе ААН. Спаборніцтва складаецца з дхвюх фаз - вуснай і пісьмовай. У ходзе другога этапа ўдзельнікам неабходна прадставіць так званы «мемарыял» - пісьмовую пазіцыю істца і адказчыка, якая ўяўляе сабой 30-старонкавы дакумент.
З 2016 г. адміністратарам нацыянальнага раўнда з'яўляецца Асацыяцыя міжнароднага права і арбітражу (BILA.by), якой удалося пашырыць лік каманд у нацыянальных раўндах, дамагчыся ўдзелу ў фінале дзвюх каманд ад рэспублікі замест адной і на годным узроўні прэзентаваць Беларусь у Вашынгтоне. Праца Асацыяцыі міжнароднага права і арбітражу была адзначана за выдатную арганізацыю прэстыжнай узнагародай S.Schneebaum Award, якая была ўручана ў прысутнасці ўдзельнікаў, арганізатараў конкурсу і суддзяў Міжнароднага суда ААН.
Штогод у Міжнародным юрыдычным конкурсе імя Ф. Джэсапа спаборнічаюць каля 600 каманд студэнтаў з больш чым 80 краін свету. Конкурс праводзіцца з 1960 года Асацыяцыяй студэнтаў-юрыстаў, фінальныя раўнды праходзяць у сталіцы ЗША - Вашынгтоне. Туды ў красавіку адправяцца фіналісты нацыянальнага адборачнага тура.