Экспазіцыя работ навучэнцаў 3 курса спецыяльнасці «Дызайн (графічны)» адкрылася ў гуманітарным каледжы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Як адзначыла арганізатар выставы, выкладчык цыклавой камісіі дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва Алена Ляшчынская, дадзеная выстава ўяўляе сабой інтэграцыю дзвюх дысцыплін - «Пластычная анатомія» і «Камп'ютарная графіка»: тут можна ўбачыць плакаты, запрашэнні, часопіс водгукаў, буклеты і шэраг іншых экспанатаў .
– Што тычыцца пластычнай анатоміі, то шляхі спасціжэння такой складанай навукі могуць быць вельмі рознымі, у большасці сваёй гэта судотык з важкай анатамічнай спадчынай, якой займаліся многія знакамітыя навукоўцы, анатамы і мастакі. Вялікі ўклад у развіццё гэтай навукі унёс Леанарда да Вінчы, творчасць якога не перастае дзівіць чалавецтва шматграннасцю сваёй праявы: цудоўныя мастацкія вобразы, навуковыя адкрыцці, вынаходкі, даследаванні, - падзялілася Алена Анатольеўна. - Сярод анатамічных замалёвак наведвальнік пазнае цікавыя факты пра асобу Леанарда, а таксама цытаты знакамітага фларанцінца, якія можна прачытаць толькі з дапамогай люстэрка. Адсюль і назва выставы «Люста Леанарда». Вядома, што навуковец пісаў левай рукой справа налева. Пры гэтым літары лацінскага алфавіту маляваліся ім люстрана.
Кожнаму наведвальніку выставы ў дзень адкрыцця навучэнцы раздалі памятныя прадказанні «з почыркам Леанарда» і разыгралі прызавую латарэю, уручыўшы спецыяльны прыз ўладальніку шчаслівага ліку «Фібаначы».
Аўтары праекта таксама прадэманстравалі гасцям свой прывітальны нумар - танец «Вітрувіянскі чалавек».
Атмасферу свята і лірычны настрой у гэты дзень падарылі запрошаныя музыкі: выкладчык вакалу Наталля Парфілова і навучэнцы спецыяльнасці «Музычная адукацыя» Караліна Акутка і Марандзі Мікеле.
З усімі навінамі Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы можна азнаёмицца тут.