Новая экспазіцыя размясцілася ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф. Карскага і прысвечана 100-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Замежныя студэнты - актыўныя ўдзельнікі праекту «Садружнасць» разам з кіраўніком праекта старшым выкладчыкам кафедры рускай мовы як замежнай Галінай Мазько аднымі з першых убачылі экспанаты: унікальныя фатаграфіі, сапраўдныя дакументы і іх архіўныя копіі, антыкварныя і рэдкія кнігі, франтавыя газеты, узнагароды, нагрудныя знакі і многія іншыя прадметы. З імі рабят пазнаёміў гродзенскі калекцыянер і краязнаўца Аляксандр Сявенка.
– Незабыўнай падзеяй для студэнтаў-замежнікаў стала сустрэча з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Валянцінай Пятроўнай Баранавай. Яна падзялілася ўспамінамі пра нялёгкія ваенныя гады. Поўная запалу і аптымізму, Валянціна Пятроўна заваявала сэрцы маладых людзей, - распавяла Галіна Чаславаўна.
Цікавай для рабят апынулася гутарка і з ветэранам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь намеснікам старшыні Савета ветэранаў Ленінскага раёна г. Гродна падпалкоўнікам у адстаўцы Уладзімірам Пятровічам Куўшынавым. Асаблівую радасць і хваляванне адчулі студэнты, калі ў прывітальным слове Уладзімір Пятровіч адзначыў, што яму прыемна бачыць у зале землякоў з Туркменістана. Хлопцы задалі ветэрану шмат пытанняў і доўга не хацелі яго адпускаць.