У рамках візіту дэкан фізіка-тэхнічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Андрэй Герман і загадчык лабараторыі «Электрафізічныя вымярэнні» Артур Ліцкевіч сустрэліся з рэктарам Акцюбінскага рэгіянальнага дзяржаўнага ўніверсітэта імя К. Жубанава Бауыржанам Ердэмбекавым, прадстаўнікамі фізіка-матэматычнага факультэта і навуковых лабараторый казахскага ўніверсітэта.
Бакі заключылі кантракт на пастаўку навукова-тэхнічнай прадукцыі купалаўскага ўніверсітэта, якую вырабляе ВНВЦ «Тэхналаб». Дарэчы, гэта не першы дакумент, які прадугледжвае пастаўку абсталявання ў Акцюбінскі ўніверсітэт. У кастрычніку 2017 года прадстаўнікі дзвюх вышэйшых навучальных устаноў падпісалі два экспартныя кантракты на работы па мадэрнізацыі даследчага спектраметрычнага абсталявання казахстанскага ўніверсітэта. Таксама ў снежні мінулага года бакі дасягнулі дамоўленасці аб сумесным выпуску лабараторнага абсталявання для школ і вышэйшых навучальных устаноў Казахстана.
На гэтай сустрэчы калегі абмеркавалі праграмы стажыроўкі магістрантаў на базе Гродзенскага ўніверсітэта. У прыватнасці, дасягнута дамоўленасць аб арганізацыі стажыроўкі магістрантаў спецыяльнасці "Фізіка" АрДУ імя К. Жубанава на базе фізіка-тэхнічнага факультэта. Акрамя таго, прадстаўнікі двух універсітэтаў гаварылі пра перспектывы навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва ў галіне аўтаматызацыі эксперыменту і тэхнікі спектраскапіі і абмяняліся вопытам у галіне фарміравання сацыяльна-асобасных кампетэнцый студэнтаў і прафарыентацыйнай работы.
Як распавёў дэкан фізіка-тэхнічнага факультэта Андрэй Герман, у рамках візіту быў уведзены ў эксплуатацыю праграмна-апаратны комплекс для вывучэння тэмастымуліраванай люмінесцэнцыі, які выраблены ў лабараторыі малекулярнай спектраскапіі ГрДУ імя Янкі Купалы сумесна з РУП «ВНВЦ «Тэхналаб», які мае статус навукова-тэхналагічнага парка, і выкананы сумесныя эксперыменты па вывучэнні люмінесцэнцыі крышталяў.