VII Фестываль практычнай псіхалогіі "Свет у псіхалогіі і псіхалогія ў свеце: Дзіця ў сучасным свеце" адбудзецца 23-24 сакавіка ў ГрДУ імя Янкі Купалы.
У рамках Фестывалю вядомыя беларускія навукоўцы-псіхолагі раскажуць аб праблемах рызыкоўных паводзінаў у падлеткавым узросце, прафілактыцы сацыяльных страхаў падлеткаў, псіхалагічных асновах прэвенцыі інтэрнэт-адыкцыі ў падлеткаў, перажываннях каштоўнасцяў жыцця ў падлеткаў з суіцыдальнымі намерамі, праблемах абароны дзяцей ад гвалту праблеме сэксуальнага развіцця і психагігіены палавога выхавання дзяцей і падлеткаў.
Акрамя гэтага, удзельнікі Фестывалю змогуць прыняць удзел у шматлікіх майстар-класах, дзе псіхолагі-практыкі прадэманструюць інавацыйныя тэхналогіі ў працы з сям'ёй і дзецьмі. На Фестывалі будзе прадстаўлена казкатэрапя, экзыстэнцыйная псіхалогія, кагнітыўна-паводніцкая тэрапія, гештальт-падыход у рабоце з псіхатраўмай, выступяць прыхільнікі арт-тэрапіі, медыятыўная тэхніка ў працы з дзецьмі. Майстар-класы: «Мамы розныя патрэбныя? Мамы розныя важныя? На шляху вызвалення ад мацярынскага комплексу», «Тэорыя і практыка работы з бацькоўскімі прадпісаннямі ў выхаванні дзіцяці» зацікавяць бацькоў.
Інфармацыйна-выставачнае напаўненне Фестывалю дапаможа наведвальнікам зарыентавацца ў свеце псіхалагічнай літаратуры і набыць упадабаныя і неабходныя для працы матэрыялы.
Па словах дэкана факультэта псіхалогіі Ганны Ракіцкай, фестываль практычнай псіхалогіі - гэта ўнікальная падзея для Гродна, Гродзенскай вобласці і Беларусі, якая дапамагае папулярызаваць псіхалагічныя веды, фарміраваць псіхалагічную культуру чалавека. У розныя гады Фестываль практычнай псіхалогіі прысвячаўся такім актуальным праблемам, як псіхалогія сям'і, псіхалогія гульні, псіхалагічная дапамога ў крызісных сітуацыях, псіхалагічнае здароўе асобы ў XXI стагоддзі.
Фестываль практычнай псіхалогіі «Свет у псіхалогіі і псіхалогія ў свеце: Дзіця ў сучасным свеце» адбудзецца па адрасе Гродна, БЛК, 21, факультэт псіхалогіі ГрДУ (будынак Ліцэя №1). Уваход - вольны.
З праграмай фестывалю можна азнаёміцца тут.