XVIII Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў «Актуальныя праблемы сучаснай псіхалогіі» пройдзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы 5 красавіка.
Больш за 100 аспірантаў, магістрантаў і студэнтаў з Беларусі, Расіі і Украіны ў рамках канферэнцыі абмяркуюць актуальныя праблемы педагагічнай, сацыяльнай, крызіснай псіхалогіі, псіхалогіі сям'і і праблемы псіхалогіі развіцця. Фармат канферэнцыі прадугледжвае працу яе ўдзельнікаў у рамках пленарнага пасяджэння, стэндавых дакладаў і майстар-класаў. Сярод інавацыйных формаў плануецца пляцоўка студэнцкіх сацыяльна-псіхалагічных праектаў, у ходзе работы якой студэнты прадэманструюць вынікі сваіх эксперыментальных даследаванняў.
Удзельнікі канферэнцыі атрымаюць магчымасць апрабаваць вынікі сваёй навукова-даследчай дзейнасці, абмеркаваць перспектывы пабудовы далейшых даследаванняў. Канферэнцыя заклікана актывізаваць работу па прапагандзе навуковых ведаў, прафесійнай арыентацыі і прыцягненню студэнтаў да інтэлектуальнай творчасці і даследчай працы, а таксама для дэманстрацыі лепшых дасягненняў студэнтаў.
Суарганізатарамі канферэнцыі выступілі кафедра псіхалогіі Мардоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Н. П. Агарова (Расія) і кафедра агульнай і сацыяльнай псіхалогіі Херсонскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Украіна).