Удзельнікі курсаў пазнаёміліся з дыстанцыйнымі тэхналогіямі ў адукацыі, даведаліся аб формах арганізацыі камунікацый студэнтаў пры правядзенні эўрыстычных інтэрнэт-заняткаў.
«Дынамічныя працэсы ў сучаснай адукацыі спрыяюць таму, што педагагічная дзейнасць пастаянна ўскладняецца, узбагачаецца, становіцца больш інтэрактыўнай, - адзначыў вядучы семінара, загадчык лабараторыі адукацыйных інавацый Алег Каляга. - У ёй на першы план выходзіць уменне арганізоўваць камунікацыі з навучэнцамі ў віртуальным асяроддзі. Як паказвае практыка, далёка не ўсе педагогі гатовы прадэманстраваць разуменне і веданне прынцыпаў і тэхналогій навучання з выкарыстаннем тэлекамунікацый».
Для дэманстрацыі магчымасцяў узаемадзеяння выкладчыка і студэнтаў у дыстанцыйным асяроддзі Алег Уладзіміравіч правёў інтэрнэт-занятак са студэнтамі спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя». Удзельнікі курсаў змаглі ацаніць эфектыўнасць працы студэнтаў на форуме адукацыйнага партала ў ходзе выканання заданняў эўрыстычнай накіраванасці.
Праца ў групах дазволіла ўдзельнікам курсаў замацаваць тэарэтычныя веды на практыцы. Пад кіраўніцтвам мадэратараў удзельнікі навучыліся вылучаць структурныя элементы эўрыстычных інтэрнэт-заняткаў, фарміраваць навучальныя модулі, вызначаць формы і этапы выкарыстання тэлекамунікацый. Вынікам работы выкладчыкаў сталі распрацоўкі эўрыстычных інтэрнэт-заняткаў «Пра густы не спрачаюцца?», «Самае цікавае месца ў школе», «Ды хай перасякуцца паралельныя прамыя», «Шырока, глыбока ...».
Абмеркаванне метадычных распрацовак атрымалася дыскусійным. Удзельнікаў курсаў хвалявалі пытанні «Як з дапамогай інтэрнэт-заняткаў стварыць умовы для росту ўнутранай матывацыі студэнтаў?», «Як сумясціць інтэрнэт-заняткі з вучэбнай праграмай?», «Якая частата інтэрнэт-заняткаў будзе аптымальнай для студэнцкай аўдыторыі?». Мадэратары і ўдзельнікі курсаў прыйшлі да меркавання, што практычная апрабацыя метадычных распрацовак выявіць іх моцныя і слабыя бакі, дазволіць ацаніць прадуктыўнасць прапанаваных каналаў навучальных камунікацый.
Падвядзенне вынікаў курсаў «Асновы эўрыстычнага навучання ў ВНУ» і ўручэнне ўдзельнікам пасведчанняў аб павышэнні кваліфікацыі адбудзецца 24 мая.