Мерапрыемства адбылося ў рамках грамадзянска-патрыятычнага праекта «Жывая гісторыя».
Падчас мерапрыемства купалаўцы пазнаёміліся з творчай і навуковай дзейнасцю дырэктара філіяла «Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, члена прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі, доктара філалагічных навук, прафесара Івана Васільевіча Саверчанка. Вядомы беларускі літаратуразнаўца, гісторык, палітолаг звярнуў увагу студэнцкай аўдыторыі на асаблівасці кніжна-пісьмовай і інтэлектуальнай культуры Беларусі, значнасць філалагічных даследаванняў і іх уплыў на фарміраванне філасофскай і гістарычнай думкі. Івану Васільевічу Саверчанка належыць звыш 250 работ па пытаннях гісторыі і тэорыі літаратуры, гісторыі Беларусі, праблемах дзяржаўнасці і ўлады, дзевяць манаграфій, выданне помнікаў беларускага пісьменства і славеснасці ад X да першай паловы XX стагоддзя. Працуючы з архіўнымі дакументамі, займаючыся мастацкай рэканструкцыяй гістарычных працэсаў і падзей, вучоны паказвае на значныя персаналіі, тыя гістарычныя асобы, без якіх не маглі скласціся як высокая нацыянальная культура, кнігадрукаванне, так і мастацтва палемікі і вядзення дыялогу. Героямі яго кніг становяцца канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега, Сымон Будны, Францыск Скарына, Астафій Валовіч, Язэп Руцкі, Філон Кміта-Чарнобыльскі.
– Работы Івана Васільевіча Саверчанка спрыяюць захаванню і прымнажэнню духоўна-культурнай спадчыны Беларусі. Гісторыя літаратуры можа стаць займальным матэрыялам для тых, каго цікавіць мінулае, хто за летапісамі і дзённікавымі запісамі бачыць жывую гісторыю, вытканую з людзкіх лёсаў, - адзначыла кіраўнік грамадзянска-патрыятычнага праекта «Жывая гісторыя» Вольга Панькова.
Дэкан філалагічнага факультэта Іна Лісоўская падзякавала Івану Васільевічу Саверчанка за асаблівую ўвагу да філялягічнага факультэта, падтрымку літаратуразнаўчых даследаванняў, падрыхтоўку збору твораў класікаў беларускай літаратуры і пашырэнне прысутнасці твораў беларускага прыгожага пісьменства ў свеце.