Конкурс праходзіў з 18 красавіка па 31 мая 2018 года.
У конкурсе прынялі ўдзел 29 графічных работ і 16 слоганаў. Па ўмовах конкурсу творчыя работы, пададзеныя на конкурс, павінны адпавядаць агульнай канцэпцыі Навукова-тэхналагічнага парку, спрыяць фармаванню яго іміджу як сучаснай інавацыйнай пляцоўкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і г. Гродна.
Па рашэнні журы пераможцам конкурсу прызнана работа Вадзіма Быстрова, студэнта спецыяльнасці «Дызайн (графічны)» факультэта мастацтваў і дызайну ГрДУ імя Янкі Купалы.
Другое месца журы прысудзіла слогану, які даслаў на конкурс Максім Марозаў, навучэнец Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы. Максім прапанаваў слоган «Вектар ў будучую рэальнасць», які, на думку журы, найбольш адпавядае ідэі Навукова-тэхналагічнага парку.
На трэцім месцы - лагатып, аўтарам якога з'яўляецца Аляксандра Садовая, студэнтка спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя» факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы.
Конкурсныя распрацоўкі будуць прадастаўлены кіраўніцтву ўніверсітэта і Навукова-тэхналагічнага парку і, магчыма, будуць пакладзены ў аснову будучага афіцыйнага лагатыпа.
Арганізатарамі Конкурсу выступілі РУП «ВНВЦ «Тэхналаб», навукова-даследчая частка, Упраўленне выхаваўчай працы з моладдзю, кафедра журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.