Больш за 300 паштовак з віншаваннямі сваім мамам «паляцела» у розныя куткі Беларусі і за яе межы ў рамках акцыі «Паштоўка маме».
Пад далікатныя гукі песні «Мама» адкрылася акцыя, прымеркаваная Дню маці. Яна сабрала ў фае галоўнага корпуса дзясяткі жадаючых адправіць віншаванні сваім самым блізкім і родным - мамам.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў акцыі звярнуўся прарэктар па выхаваўчай працы Васілій Сянько:
– Гэтая акцыя праводзіцца для нашых дарагіх жанчын-мам. Мы бачылі, што яна з поспехам прайшла ў мінулым годзе, бачым, наколькі ахвотна ўдзельнічаюць студэнты і супрацоўнікі ў гэтым годзе, а значыць гэта мерапрыемства стане добрай традыцыяй у нашым універсітэце.
І пажадаў усім жанчынам шчасця і сямейнай утульнасці.
Марына Карпіцкая, старшыня ГА «Беларускі саюз жанчын» ГрДУ імя Янкі Купалы, адзначыла неабходнасць правядзення такой акцыі:
– У нас не заўсёды хапае часу сказаць мамам нешта добрае і цёплае. А цяпер у паштоўцы можна напісаць словы, якія перадаюць глыбінныя пачуцці, якія не можам выказаць пры сустрэчы.
Марына Яўгеньеўна таксама скарысталася дадзенай магчымасцю і адправіла сваёй маме паштоўку ў Воранаўскі раён. Яна падкрэсліла, што яе мама для яе - эталон і лепшая сяброўка.
Акцыя, па словах Марыны Карпіцкай, з кожным годам набірае абароты. І калі ў мінулым годзе падпісалі 200 паштовак, то ў гэтым - 320, з якіх 20 за мяжу адправілі сваім мамам замежныя студэнты.
З пытаннем, чаму вырашылі скарыстацца магчымасцю і паслаць паштоўку маме, мы звярнуліся да ўдзельнікаў акцыі. Вось што яны адказалі.
Лізавета, студэнтка 3 курса спецыяльнасці "Журналістыка":
– Таму што мама - мой самы дарагі і блізкі чалавек, які заўсёды, у любой сітуацыі падтрымлівае. Хоць яна і жыве ў Гродне, думаю, ёй будзе прыемна атрымаць паштоўку з цёплымі словамі.
Анастасія, студэнтка 3 курса спецыяльнасці "Сацыялогія":
– Мая мама жыве ў Магілёўскай вобласці. А я вельмі рэдка бываю дома. Віншаванне па тэлефоне, вядома, добра, але, мне здаецца, ёй будзе прыемна атрымаць нешта матэрыяльнае, тое, што можна патрымаць у руках. Таму паштоўка як раз тое, што трэба.
Вольга, спецыяліст дэканата факультэта матэматыкі і інфарматыкі:
– Проста хачу зрабіць маме прыемнае.
Виктория, преподаватель кафедры программирования и компьютерной безопасности:
– Не магла прайсці міма акцыі, захацелася зрабіць прыемнае сваёй маме, якая жыве ў горадзе Орша. Думаю, яна будзе рада.
Арганізатарамі акцыі выступілі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і ГА «Беларускі саюз жанчын» ГрДУ імя Янкі Купалы».