Святочныя мерапрыемствы пройдуць ва ўніверсітэце з 21 па 28 лютага.
Адкрые святочны марафон 21 лютага "Купалаўская дыктоўка". Мерапрыемства аб'яднае студэнтаў усяго ўніверсітэта, якія ў Міжнародны дзень роднай мовы ўпершыню напішуць агульнаўніверсітэцкую дыктоўку.
Са словамі віншавання 22 лютага да калектыву звернецца рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. У рамках урачыстага сходу калектыву работнікаў універсітэта будуць падведзены вынікі рэйтынгу прафесарска-выкладчыцкага складу, а таксама адбудзецца ўзнагароджанне работнікаў універсітэта.
22 лютага пройдзе студэнцкая акцыя «Нам - 79», а вечарынка «Ноч Alma Mater» упершыню збярэ ўсіх на свяце ў моладзевым цэнтры "Гродна".
Прадэманстраваць свае веды аб універсітэце купалаўцы змогуць 26 лютага ў час інтэлектуальнага турніру для студэнцкіх каманд «Мой універсітэт».
З 27 лютага па 1 сакавіка пройдзе Міжнародны турнір сярод жаночых каманд па валейболе на кубак рэктара, а 28 лютага - адкрыты кубак рэктара па КВЗ.
У рамках праекта "Жывая гісторыя" з 22 па 28 лютага адбудзецца акцыя "З Днём нараджэння, Універсітэт!» на плошчы ўніверсітэцкага сцяга.
У рамках святкавання пройдуць малебны ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы і ў Саборы Святога Францыска Ксаверыя, а таксама да 79-годдзя будзе выдадзеная трэцяя частка электроннай версіі кнігі «Летапіс універсітэта».
У святочны марафон актыўна ўключацца і ўсе факультэты ўніверсітэта. Выстава курсавых і дыпломных работ студэнтаў будзе арганізавана на факультэце мастацтваў і дызайну. Удзельнікамі інтэлектуальнай гульні «Бітва розумаў» стануць студэнты інжынерна-будаўнічага факультэта, а інтэлектуальнага турніру «Універсітэт: учора, сёння, заўтра» - студэнты юрыдычнага факультэта.
Веданне гісторыі ўніверсітэта правераць студэнты факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання ў віктарыне «А ці ведаеце вы». Конкурс IT-праектаў «Мой любімы ўніверсітэт» і «Мой любімы факультэт» пройдзе на факультэце матэматыкі і інфарматыкі.
Студэнтаў інжынерна-будаўнічага факультэта запросяць на мерапрыемства «Прыгоды ІБФ у Партале» з чаяваннем, праглядам фільма і настольнымі гульнямі. На факультэце фізічнай культуры пройдзе адкрытае першынство па стрытболе сярод студэнтаў. Віктарыну «Як мы ведаем свой універсітэт» і канцэрт «Віншавальная паштоўка» арганізуюць студэнты ваеннага і педагагічнага факультэта, а прадстаўнікі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму прымуць удзел у квэсце «Любімы ўніверсітэт - ГрДУ» і дэбатах «Адукацыя, моладзевая палітыка, развіццё чалавечага патэнцыялу».
.