Конкурс праводзіцца штогод Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Экспертная камісія, у якую ўвайшлі прадстаўнікі Дзяржстандарту, Міністэрства адукацыі, іншых рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і вядучыя спецыялісты ў галіне менеджменту і кантролю якасці, ацэньвала актуальнасць тэм прадстаўленых работ, метадалогію і метады даследаванняў, іх змест і глыбіню, навуковую навізну і значнасць атрыманых вынікаў, іх апрабацыю.
Пераможцам конкурсу ў намінацыі «Лепшая дыпломная работа ў галіне кантролю якасці» стала дыпломная праца студэнта 4 курса ГрДУ імя Янкі Купалы Яраслава Кабылянца.
Праца прысвечана ацэнцы метралагічных характарыстык спірт-паветраных сумесяў. Яе вынікі выкарыстоўваюцца ў Гродзенскім цэнтры метралогіі, стандартызацыі і сертыфікацыі, па заяўцы якога яна выконвалася.
У цяперашні час Яраслаў Кабылянец працягвае навучанне ў магістратуры фізіка-тэхнічнага факультэта па спецыяльнасці "Сучасныя метады і апаратура фізічных вымярэнняў".
Навуковы кіраўнік Яраслава - дацэнт кафедры агульнай фізікі, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Генадзій Васілюк..
У тэму
Конкурс «Лепшая дыпломная і навукова-даследчая работа студэнтаў у галіне менеджменту і кантролю якасці» праводзіцца ў адпаведнасці з пастановай Дзяржстандарту Рэспублікі Беларусь ад 30.12.2005 № 62 штогод, пачынаючы з 2007 года. Сярод мэтаў конкурсу - павышэнне ўзроўню падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне менеджменту і кантролю якасці, ацэнка ўзроўню правядзення навукова-даследчай работы ў галіне менеджменту і кантролю якасці, стымуляванне адукацыйнай, навуковай і прыкладной дзейнасці ў галіне менеджменту і кантролю якасці, папулярызацыя перадавога вопыту ў галіне менеджменту і кантролю якасці, падтрымка таленавітых студэнтаў і магістрантаў, матывацыя навуковых кіраўнікоў дыпломных і навукова-даследчых работ.
Конкурс праводзіцца ў намінацыях «Лепшая дыпломная работа ў галіне менеджменту якасці», «Лепшая дыпломная работа ў галіне кантролю якасці», «Лепшая навукова-даследчая работа ў галіне менеджменту якасці», «Лепшая навукова-даследчая работа ў галіне кантролю якасці».