У праграме фестывалю - турнір па туркменскай нацыянальнай барацьбе «Гарэш», дэгустацыя нацыянальных страў, шматлікія майстар-класы і святочны канцэрт.
Фестываль аб'яднае замежных студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы і іншых універсітэтаў краіны, якія ў гэтыя дні адзначаюць Наўруз Байрам - Новы год па астранамічным сонечным календары.
У рамках фестывалю будзе арганізавана інтэрактыўная выстава «Вясёлка творчасці», дзе будуць прадстаўлены тэматычныя работы, якія адлюстроўваюць студэнцкае жыццё, нацыянальную самабытнасць і культуру краін. Госці мерапрыемства змогуць прадэгуставаць нацыянальныя стравы, пазнаёміцца з культурай краін свету, прыняць удзел у майстар-класах па мове і каліграфіі. Усе жадаючыя змогуць зрабіць арыгінальнае фота на памяць у нацыянальных касцюмах.
Варта адзначыць, што ўдзельнікі фестывалю «Наўруз Байрам» праявяць сябе не толькі ў творчасці, але і пакажуць свае спартыўныя таленты. Падчас свята адбудзецца фінал турніру па туркменскай нацыянальнай барацьбе «Гарэш», які пройдзе ў тры этапы па чатырох вагавых катэгорыях.
Гасцей таксама запросяць на святочны канцэрт, пад час якога купалаўцы выканаюць музычныя, вакальныя, танцавальныя і іншыя нумары на розных мовах. Для ўдзельнікаў будуць арганізаваны экскурсіі ў Музей гісторыі развіцця ГрДУ імя Янкі Купалы і па Гродна.
Як распавялі арганізатары мерапрыемства, правядзенне фестывалю тры гады таму ініцыявалі студэнты з Туркменістана, якія навучаюцца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.
Мерапрыемства пройдзе 26 сакавіка па адрасе: вул. Ажэшкі, 22 (фае другога паверха). Пачатак у 11.00.