Цырымонія ўрачыстага адкрыцця адбылася сёння, 15 мая. Спаборніцтвы аб'ядналі больш за 150 студэнтаў з 21 аднаго ўніверсітэта краіны.
Адкрыла мерапрыемства рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Яна адзначыла, што ўніверсіяда праходзіць на базе ўніверсітэта ўжо пяты год і гэта не выпадкова: Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы славіцца спартыўнымі перамогамі, сярод якіх - дасягненні па грэка-рымскай барацьбе:
- У наступным годзе мы адзначым знакавую дату: гродзенскай школе па грэка-рымскай барацьбе споўніцца 50 гадоў з дня заснавання. Сёння школа вядомая сваімі вучнямі не толькі ў Рэспубліцы Беларусь, але і за яе межамі. Яна актыўна развіваецца, з'яўляюцца новыя імёны і, вядома ж, гісторыя школы і яе слаўныя традыцыі непарыўна звязаны з імем прафесара ГрДУ імя Янкі Купалы Вячаслава Аляксандравіча Максімовіча. Яго спартыўная і асабістая біяграфія - прыклад для спартсменаў і маладых трэнераў, - падкрэсліла Ірына Фёдараўна і дадала: - Я хачу пажадаць усім удзельнікам спартыўнага азарту, сумленнай канкурэнтнай барацьбы, добрага настрою, новых перамог і дасягненняў. У добры шлях, універсіяда!
Старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы Камандар Маджытаў падзякаваў калектыву ГрДУ імя Янкі Купалы за арганізацыю спаборніцтваў і ўручыў Ірыне Кітурка падзяку за добрасумленную працу ў садзейнічанні і папулярызацыі барацьбы і высокі прафесіяналізм.
Удзельнікамі цырымоніі адкрыцця таксама сталі галоўны трэнер нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь Уладзімір Капытаў, старшы трэнер зборнай каманды Рэспублікі Беларусь Мікалай Багданёнак, прафесар ГрДУ імя Янкі Купалы Вячаслаў Максімовіч, вядучы спецыяліст Рэспубліканскага цэнтра па фізічным выхаванні і спорце навучэнцаў і студэнтаў Наталля Тарноўскіх, дэкан факультэта фізічнай культуры ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэй Навойчык, дырэктар Гродзенскага абласнога комплекснага цэнтра алімпійскага рэзерву Андрэй Бойка і галоўны суддзя спаборніцтваў Валерый Цыленць.
Пераможцаў універсіяды па грэка-рымскай барацьбе назавуць 16 мая. Але ўжо сёння стала вядома, што студэнт ГрДУ імя Янкі Купалы Павел Лях стаў лепшым сярод студэнтаў-змагароў у сваёй вагавай катэгорыі. Вынікі спаборніцтваў будуць апублікаваныя на галоўным сайце ўніверсітэта grsu.by.