Удзельнікі профільнага аздараўленчага лагера «Настаўнік NEXT» і студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы 16 чэрвеня, у Дзень вызвалення Гродна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прапанавалі гарадзенцам напісаць пажаданне любімаму гораду і прачыталі вершы.
У рамках акцыі «Напішы ліст гораду Гродна!» гараджане, абітурыенты, супрацоўнікі ўніверсітэта напісалі пажаданні гораду. Затым яны склейваюцца ў колцы, і атрымліваецца так званая «Гірлянда дабра», якая будзе перададзена ў музей універсітэта.
Як распавяла дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання Алена Лапкоўская, акцыя прайшла ўжо ў другі раз:
– Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ўжо шосты раз прыняў профільны аздараўленчы лагер «Настаўнік NEXT». Традыцыйна мы працуем дзевяць дзён і кожны раз разам са школьнікамі адзначаем Дзень вызвалення Гродна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гэтым годзе мы вырашылі працягнуць акцыю «Напішы ліст гораду Гродна!» і прымеркаваць яе ўжо да 75-годдзя вызвалення горада.
Алена Лапкоўская распавяла, што ўдзельнікамі лагера з году ў год становяцца навучэнцы педагагічных класаў - гэта тыя абітурыенты, якія ў наступным годзе змогуць прыйсці ва ўніверсітэт і выбраць для сябе спецыяльнасць.
– У рабят быў насычаны графік у гэтым годзе. Мы наведалі ваенны факультэт, дзе быў арганізаваны конкурс «Да абароны Айчыны гатовы», прымеркаваны да сённяшняй даты. Акрамя таго, мы цесна супрацоўнічалі з факультэтам матэматыкі і інфарматыкі. Безумоўна, мы актыўна адпачывалі, удзельнічалі ў творчых і інтэлектуальных конкурсах, - падкрэсліла Алена Лапкоўская.
Навучэнцы сярэдняй школы №7 г. Ваўкавыска Антон Данік і Аляксандра Якунецкая ў лагеры ўжо не ў першы раз. Школьнікі падзяліліся, што ім вельмі падабаецца горад Гродна. Па словах навучэнцаў, праграма знаходжання ў лагеры была вельмі насычаная і цікавая, а час, праведзены тут, пакінуў толькі станоўчыя эмоцыі.