З году ў год цікавасць у абітурыентаў, якія хочуць звязаць сваё жыццё з псіхалогіяй як навукай і практыкай, выклікаюць спецыяльнасці «Псіхалогія» і «Практычная псіхалогія».
Рашэнне паступаць на факультэт псіхалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы заўсёды ўсвядомленае і абдуманае. Так, Рэната Купцель, выпускніца адной з сярэдніх школ г. Ліда, стала першай абітурыенткай, якая падала дакументы ў гэтым годзе на факультэт псіхалогіі. Рэната на працягу некалькіх гадоў з'яўлялася пастаянным удзельнікам конкурсу навукова-даследчых работ па псіхалогіі «XXI стагоддзе як псіхазойская эра». У 2018 годзе яна заняла 1 месца і была ўзнагароджана граматай за навуковую працу, а ў 2019 годзе яе праца перамагла ў намінацыі «Юны псіхолаг». Цікавасць да будучай прафесіі матывавала Рэнату прыняць удзел у VII адкрытай раённай канферэнцыі даследчых работ навучэнцаў «Прыступкі да навукі». Па выніках канферэнцыі дзяўчына ўзнагароджана Граматай за III месца. Таксама ў снежні 2018 года Рэната прыняла ўдзел у Моладзевым фэсце «Псіхалогія для цябе», які настолькі яе натхніў, што сваімі ўражаннямі яна падзялілася на старонках «Настаўнiцкай газеты», дзе Рэната распавяла пра знаёмства з факультэтам псіхалогіі, а таксама пра вынікі дзейнасці студэнцкага таварыства. Удзел у фестывалі не толькі дазволіў дзяўчыне раскрыць сябе і свой патэнцыял, але і ўсвядоміць свой будучы прафесійны выбар.
Выпускнік 2018 года з Гомеля Сяргей Кнотка паступаў на факультэт двойчы, маючы запаветную мару навучацца на факультэце псіхалогіі на бюджэтнай форме. На жаль, у мінулым годзе мары не наканавана было спраўдзіцца. Але зацятая самастойная падрыхтоўка да цэнтралiзаванага тэсцiравання прывяла да выдатнага выніку - 321 балу, што дазволіла лёгка пераадолець у гэтым годзе прахадны бал на спецыяльнасць «Псіхалогія».
Пра магчымасці і перспектывы атрымання вышэйшай псіхалагічнай адукацыі ў ГрДУ імя Янкі Купалы распавяла дэкан факультэта псіхалогіі Ганна Ракіцкая:
– Псіхолаг ў сучасным шматгранным свеце становіцца важнай ключавой фігурай, якая бярэ на сябе ролю спецыяліста ў галіне кіравання чалавечымі рэсурсамі, эксперта ў сацыяльным узаемадзеянні, самарэалізацыі чалавека, аказання падтрымкі ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях, што робіць яго вельмі запатрабаваным у грамадстве. Сёння прафесійныя псіхолагі працуюць не толькі ў адукацыі і ахове здароўя, як было дзесяцігоддзе таму, але і ў камерцыйных структурах, лагістычных фірмах, IT-кампаніях, структурных падраздзяленнях МНС, ваенна-сілавых структурах, з'яўляюцца паспяховымі індывідуальнымі прадпрымальнікамі, ажыццяўляючы прыватную практыку.
Паступоўцы на спецыяльнасці факультэта псіхалогіі ў 2019 годзе не толькі з гарадоў Беларусі - Мінск, Гомель, Полацк, Орша, Магілёў, Бабруйск, Салігорск, Брэст, Стоўбцы, Пружаны, Івацэвічы, Пінск, Баранавічы, Столін, Карэлічы, Ваўкавыск, Касцюковічы, Ліда, Слонім, але і з Расіі.