Касманаўт, ураджэнец Беларусі правядзе ў Купалаўскім універсітэце тэматычную сустрэчу «Беларускі след на зорным небе» ў фармаце дыскусіі, дзе кожны жадаючы зможа задаць яму пытанне, якое цікавіць.
Лётчык-касманаўт Алег Навіцкі нарадзіўся і вырас у Беларусі, сваю ваенную службу пачаў і працягнуў у Расіі. Скончыў Чырванасцяжнае вучылішча лётчыкаў імя А.Ф. Мяснікова ў Валгаградзе, служыў на пасадах лётчыка, старшага лётчыка, камандзіра звяна, намесніка камандзіра авіяцыйнай эскадрыллі і камандзірам эскадрыллі. За мужнасць і гераізм, праяўленыя пры ажыццяўленні касмічнага палёту працягласцю 143 сутак у 2012-2013 гадах у якасці камандзіра карабля і бортінжынера, Алег Навіцкі быў удастоены звання Героя Расійскай Федэрацыі. Дарэчы, ён правёў у космасе парадку 340 сутак. Сярод узнагарод Алега Навіцкага ордэн «За заслугі перад Айчынай» IV ступені (Расія) і ордэн Ганаровага легіёна (Францыя).
Сустрэча купалаўцаў з вядомым лётчыкам-касманаўтам пройдзе 30 верасня ў 15:00 па адрасе: Ажэшкі, 22, аўд. 218. Яна адбудзецца пры падтрымцы грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз журналістаў» у рамках супрацоўніцтва з Міжнародным медыяклубам «Фармат А-3».