Фестываль, які праходзіць у Купалаўскім універсітэце з 1 па 4 кастрычніка, прысвечаны тэме лічбавых інавацый у адукацыі і прымеркаваны да Дня настаўніка.
Так, майстар-клас па фарміраванні медыяпісьменнасці вучняў на ўроках гісторыі і грамадазнаўства правёў настаўнік гісторыі ДУА «Сярэдняя школа № 11 г. Маладзечна», пераможца конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь 2014», член рэспубліканскага клуба «Крыштальны журавель» Віктар жук. У майстар-класе прынялі ўдзел студэнты спецыяльнасцяў «Гісторыя», «Інфармацыя і камунікацыя», выкладчыкі кафедры журналістыкі, супрацоўнікі студэнцкага медыяцэнтра, настаўнікі школ г. Гродно. Удзельнікі майстар-класа атрымалі разгорнутае ўяўленне аб асноўных інструментах фарміравання інфармацыйнай культуры школьнікаў. На думку Віктара Жука, да іх ліку ставяцца ўменне правяраць, аналізаваць і ствараць медыяінфармацыю. Свае думкі вядучы майстар-класа падмацаваў прыкладамі з адукацыйнай практыкі.
- На ўроках я дапамагаю вучням адпрацоўваць тэхналогію пошуку інфармацыі, вучу іх пісьменна складаць пошукавыя запыты, падбіраць ключавыя словы, аналізаваць крыніцы на прадмет дакладнасці інфармацыі, наяўнасці памылак і скажэння фактаў, - падкрэсліў Віктар Жук. - Усё гэта служыць асновай для фарміравання ў вучняў умення крытычна ацэньваць інфармацыю, арыентавацца ў разнастайных інфармацыйных плынях, выпрацоўваць устойлівасць супраць маніпуляцый і прымаць узважаныя рашэнні.
Тэма фарміравання медыяпісьменнасці школьнікаў выклікала жывую цікавасць ва ўдзельнікаў майстар-класа. Вядучаму былі адрасаваныя пытанні аб тым, наколькі шырока прадстаўлены ў сучасных падручніках гісторыі і грамадазнаўства заданні па аналізе медыяінфармацыі, з якіх крыніц школьнікі чэрпаюць навінавую інфармацыю і як яе інтэрпрэтуюць. Напрыканцы размовы, адказваючы на пытанне студэнтаў, што з'яўляецца залогам паспяховасці сучаснага настаўніка, Віктар Жук адзначыў:
- Настаўніку трэба быць нестандартнай, творчай, харызматычнай асобай, умець пісьменна і дакладна планаваць свае дзеянні і дзейнасць вучняў на ўроку, выкарыстоўваць у працы актыўныя формы навучання, прапаноўваць вучням шырокі спектр сродкаў візуалізацыі навучальнага матэрыялу.
Яшчэ адным майстар-класам у рамках Фестывалю адукацыйных інавацый стаў «Арганізацыя і правядзенне прадметных дыстанцыйных алімпіяд». Вядучым майстар-класа выступіў настаўнік хіміі кваліфікацыйнай катэгорыі «настаўнік-метадыст» ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Ляхавічы», член рэспубліканскага клуба «Крыштальны журавель» Сяргей Абярган.
Выкладчыкам універсітэта, Гуманітарнага каледжа, настаўнікам СШ № 23 г. Гродна быў прадэманстраваны аўтарскі падыход крэатыўнага і мэтанакіраванага педагога, які самастойна распрацаваў і актыўна выкарыстоўвае ўласную адукацыйную платформу пры правядзенні дыстанцыйных алімпіяд па хіміі. Магчымасці платформы «Інтэрхімік» удзельнікі майстар-класа ацанілі ў другой, аргдзейнаснай частцы майстар-класа. Пад кіраўніцтвам Сяргея Абяргана, кожны з іх, працуючы за кампутарам, распрацаваў серыю тэставых заданняў па асобных вучэбных дысцыплінах. Удзельнікі майстар-класа адкрывалі адзін аднаму доступ да заданняў, выконвалі іх, ацэньвалі, каментавалі і абмяркоўвалі вынікі працы. У канцы майстар-класа ўдзельнікі падзяліліся ўражаннямі, асобаснымі адкрыццямі і прафесійнымі набыткамі з вядучым.
Цікавым, яркім на эмоцыі, поўным творчых рашэнняў стаў майстар-клас «Як правесці падчас навучальнага занятку інтэрактыўнае апытанне з дапамогай мабільнага тэлефона?». Яго правяла для студэнтаў спецыяльнасці «Гісторыя» і педагогаў школ горада выкладчык Тэхналагічнага каледжа Кацярына Пчэльнік. Кароткае ўступленне вельмі хутка перарасло ў практычную частку майстар-класа, падчас якой удзельнікі пазнаёміліся c адукацыйным рэсурсам Kahoot. З яго дапамогай можна ствараць інтэрактыўныя апытанні для аналізу і замацавання ведаў, правядзення прамежкавых і выніковых ацэначных зрэзаў. «Я рада, што стала ўдзельніцай майстар-класа, - падзялілася эмоцыямі студэнтка 4 курса спецыяльнасці «Гісторыя» Наталля Васілюк, - Інтэрактыўныя апытанні, пра якія даведалася сёння, адназначна вазьму на нататку і абавязкова буду выкарыстоўваць падчас практыкі ў школе».
Акрамя таго адбыўся вебінар-практыкум «Instagram для педагогаў», у працы якога прынялі ўдзел настаўнікі школ Беларусі і Расіі. Вядучы вебінара Кацярына Пчэльнік распавяла аб вопыце адукацыйнай дзейнасці ў сетцы Instagram, паказала, як з яе дапамогай можна вырашаць розныя навучальныя задачы.
Як прызнаюцца самі ўдзельнікі, Фестываль адукацыйных інавацый стаў для іх пунктам адліку, дзякуючы якому з'явіліся на свет новыя ідэі, адукацыйныя арыенціры, творчыя планы. Наперадзе адказны этап увасаблення задуманага ў жыццё - у студэнцкай аўдыторыі, школьным класе, віртуальнай навучальнай прасторы.