Студэнты і выкладчыкі кафедры сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін праводзяць цыкл навукова-папулярных мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню сацыёлага, які штогод адзначаецца 14 лістапада.
Урачыстае адкрыццё Дзён сацыялогіі прайшло 12 лістапада. У гэты ж дзень адбылося і сімвалічнае прысвячэнне сацыёлагаў-першакурснікаў у студэнты. Адной з цэнтральных падзей дня стала прэзентацыя манаграфіі дацэнта кафедры сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін, кандыдата сацыялагічных навук Аксаны Гаўрылік «Грошы ў сістэме сацыяльных адносін».
Сёння цыкл мерапрыемстваў працягнецца семінарам, прысвечаным 90-годдзю з дня нараджэння вядомага французскага сацыёлага, культуролага, філосафа Жана Бадрыяра, і майстар-класам «Як сацыёлагу зрабіць прэзентацыю і не памерці (ад сораму)?», які правядуць старшы выкладчык кафедры сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін Ілля Сульжыцкі, выкладчык Тэхналагічнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы Кацярына Пчэльнік і загадчык лабараторыі адукацыйных інавацый Алег Каляга.
Прэзентацыя вынікаў даследаванняў, якія выконваюць магістранты 2 курса спецыяльнасці "Сацыялогія", адбудзецца 14 лістапада. Арганізатары мерапрыемства адзначаюць, што майстар-клас ад магістрантаў будзе карысны, перш за ўсё, студэнтам малодшых курсаў, якія змогуць скарыстацца вопытам і зарадзіцца энергіяй і крэатыўнасцю сваіх старэйшых таварышаў.
У заключны дзень 15 лістапада ўсіх жадаючых запросяць стаць удзельнікамі інтэрактыўнай дыскусіі «Здаровы лад жыцця студэнта: міф ці рэальнасць» з удзелам доктара медыцынскіх навук, загадчыцы кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Марыны Сурмач.