"Цифротон" прайшоў у рамках 1-й Міжнароднай педагагічнай канферэнцыі «Падрыхтоўка кадраў для лічбавай эканомікі», арганізаванай пры падтрымцы Рассупрацоўніцтва і Інстытута адукацыі НДУ ВШЭ (г. Масква).
Удзел у "Цифротоне" прынялі 19 каманд, якія аб'ядналі педагогаў з 5 краін свету - Расіі, Беларусі, Ізраіля, Казахстана, Іспаніі. Каманда ГрДУ імя Янкі Купалы «Купалаўцы» складалася з выкладчыкаў шасці факультэтаў універсітэта і двух выкладчыкаў Тэхналагічнага каледжа. У склад каманды ўвайшлі Ганна Булгакава, Аксана Валюк, Таццяна Ванькова, Таццяна Гараева, Марына Калацэй, Алег Каляга, Алена Мазур, Кацярына Пчэльнік, Наталля Чугай, Дар'я Шпак.
"Цифротон" прайшоў у тры этапы. На першым каманды спаборнічалі, выкарыстоўваючы мабільны дадатак Kahoot. Арганізатары прапанавалі ўдзельнікам адказаць на пытанні па тэме лічбавай трансфармацыі адукацыі ў фармаце інтэрактыўнай віктарыны.
У рамках другога этапу каманды ўдзельнічалі ў кейс-турніры. На працягу кароткага прамежку часу ўдзельнікі аналізавалі праблемныя сітуацыі і прапаноўвалі найбольш эфектыўныя варыянты іх рашэння. Напрыклад, вывучалі магчымасці па стварэнні ў гарадской школе адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя, арыентаванага на рэалізацыю індывідуальных траекторый навучання або спрабавалі пераадолець залішнюю нагрузку настаўнікаў, звязаную з рэалізацыяй асноўных напрамкаў кантрольна-ацэначнай дзейнасці з дапамогай лічбавых рэсурсаў і інструментаў.
На самым працяглым трэцім этапе каманды распрацоўвалі праекты Школы 2035 года з улікам яе інтэграцыі ў лічбавую эканоміку будучыні. Каманда «Купалаўцы» прадставіла ідэю Школы, арыентаванай на новую мадэль ацэньвання адукацыйнага патэнцыялу вучняў, выкарыстанне іх асабістага вопыту жыццядзейнасці.
Па выніках трох этапаў каманда выкладчыкаў ГрДУ імя Янкі Купалы «Купалаўцы» заняла другое агульнакаманднае месца. Па словах удзельнікаў, у ходзе лічбавага педагагічнага марафону можна было пазнаёміцца з новымі лічбавымі прыладамі ў адукацыі, сфармаваць банк адукацыйных ідэй, ацаніць асаблівасці цыфравізацыі ў адукацыі.
У красавіку 2020 года каманда выкладчыкаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы плануе прыняць удзел у другой канферэнцыі новага фармату і працягнуць пошук адукацыйных рашэнняў для сістэмы адукацыі, арыентаванай на падрыхтоўку спецыялістаў для лічбавай эканомікі.