Рабочая сустрэча з прадстаўнікамі ГрДУ імя Янкі Купалы адбылася 29 лістапада ў Навукова-тэхналагічным парку ўніверсітэта.
У складзе кубінскай дэлегацыі прадстаўнікі Міністэрства па навуцы, тэхналогіях і навакольнага асяроддзя, Міністэрства сувязі Рэспублікі Куба, прадстаўнікі ўніверсітэта горада Матансас і Універсітэта камп'ютэрных навук. З беларускага боку на сустрэчы прысутнічалі намеснік старшыні гарвыканкама Андрэй Болтрык, прарэктар па навуковай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі, дырэктар Навукова-тэхналагічнага парку Аляксандр Васілевіч, начальнік Цэнтра трансферу тэхналогій Алена Апякун, а таксама дэкан факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Аляксандр Варанцоў і дырэктар дзяржаўнай установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў Гродзенскай вобласці Алег Шыраеў.
Бакі абмеркавалі магчымыя напрамкі супрацоўніцтва і пытанні стварэння і арганізацыі навукова-тэхналагічных паркаў і стартап-школ.
Як адзначыла кіраўнік дэлегацыі, начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства па навуцы, тэхналогіях і навакольнага асяроддзя Рэспублікі Куба Юрайке Сеаоне, візіт праходзіць у рамках дамоўленасцей, дасягнутых на нядаўняй сустрэчы прэзідэнтаў дзвюх краін і ажыццяўляецца з мэтай развіцця беларуска-кубінскіх адносін:
- У студзені 2020 года ў нашай краіне плануецца адкрыццё першага навукова-тэхналагічнага парку. Нам цікавы вопыт рэалізацыі падобных праектаў у іншых краінах. У прыватнасці, умовы для рэзідэнтаў, развіццё стартапаў і іншыя важныя аспекты, якія ўплываюць на паспяховую рэалізацыю праекта.
У ходзе сустрэчы прарэктар па навуковай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі распавёў пра этапы станаўлення Навукова-тэхналагічнага парку і яго актуальныя напрамкі дзейнасці, адно з якіх - прыцягненне студэнтаў і выкладчыкаў у інавацыйную і прадпрымальніцкую дзейнасць.
Падводзячы вынікі, бакі выказалі надзею, што сустрэча стане асновай далейшага двухбаковага супрацоўніцтва, накіраванага на рэалізацыю сумесных навуковых і навучальных праектаў.
{youtube}https://www.youtube.com/watch?v=lrsJUzhakr4{/youtube}