У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі навуковых арганізацый Гродзенскай вобласці.
Адкрываючы мерапрыемства, да ўдзельнікаў звярнуўся прарэктар па навуковай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі. Ён пажадаў прысутным плённай працы на трэнінгах і поспехаў у рэалізацыі задуманых праектаў.
- Сучасная навука не робіцца адным чалавекам, - заўважыў Юрый Раманоўскі. - Тэндэнцыі такія, што на першы план выходзіць міждысцыплінарны характар навукі. Таму навукоўцам, даследчыкам вельмі важна наладжваць новыя кантакты, знаходзіць партнёраў для наступнай рэалізацыі сумесных праектаў. І, я думаю, гэтая сустрэча будзе вельмі карысная для многіх і дазволіць даведацца больш аб магчымасцях міжнароднага супрацоўніцтва ў рамках праграмы «Горизонт 2020».
На паспяховую працу ўдзельнікаў мерапрыемства ў сваім уступным слове матывавала таксама начальнік Міжвузаўскага цэнтра маркетынгу НДР Наталля Дудко:
- У сучасным свеце вельмі шмат інфармацыі і вельмі лёгка выпусціць нешта важнае. Таму правядзенне такога мерапрыемства, дзе ў канцэнтраваным выглядзе можна атрымаць усю інфармацыю аб праграме «Горизонт 2020», - гэта сапраўды трэба. Гэта магчымасць абмяняцца вопытам, пачуць пра досвед калегаў, якія ўжо скарысталіся магчымасцю паўдзельнічаць у гэтай праграме.
Праграма «Горизонт 2020» - гэта восьмая па ліку рамачная праграма Еўрапейскага саюза, якая прадугледжвае фінансаванне навуковых даследаванняў, тэхналагічных распрацовак і інавацыйнай дзейнасці наднацыянальнага ўзроўню. Праграма рэалізуецца з 2014 года і з'яўляецца самай вялікай у свеце праграмай міжнароднага супрацоўніцтва. Яе бюджэт - каля 80 мільярдаў еўра. Праграма «Горизонт 2020» завяршаецца ўжо ў наступным годзе. У цяперашні час праходзіць аб'ява апошніх конкурсаў для патэнцыйных удзельнікаў.
- Беларускія ўдзельнікі праграмы - гэта, галоўным чынам, навуковыя арганізацыі, - распавяла нацыянальны каардынатар праграмы «Горизонт 2020» у Беларусі Вольга Меяроўскі. - 98-99% удзельнікаў праграмы - гэта юрыдычныя асобы, напрыклад, навуковыя ўстановы, універсітэты, дзяржаўныя ці прыватныя кампаніі, у тым ліку малыя і сярэднія прадпрыемствы, асацыяцыя прадпрыемстваў, грамадская ці міжнародная арганізацыя. Але могуць удзельнічаць і фізічныя асобы, у прыватнасці, у рамках праграмы Марыі Складоўскай-Кюры. Гэтая праграма прысвечана развіццю кар'еры даследчыкаў рознага ўзросту, а таксама фінансавання абмену персаналам.
Падчас інфармацыйнага дня ў рамках Тыдня праграмы «Горизонт 2020» былі прыведзены прыклады паспяховай рэалізацыі асобных праектаў з удзелам беларускіх навуковых арганізацый, а таксама прадстаўлены агляд раздзелаў праграмы. Нацыянальны каардынатар праграмы «Горизонт 2020» у Беларусі Вольга Меяроўская адказала на пытанні, якія тычацца ўдзелу ў праграме. На другі дзень правядзення мерапрыемства запланаваны трэнінгі для ўдзельнікаў.
Тыдзень праграмы «Горизонт 2020» праводзіцца пры падтрымцы Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь з мэтай актывізацыі ўдзелу нашай краіны на завяршальным этапе рэалізацыі праграмы міжнароднага супрацоўніцтва. Мерапрыемствы ў гэтым годзе праходзяць у двух гарадах абласнога значэння - Гродна і Брэсце.