У госці да падапечных з падарункамі прыехалі студэнты-валанцёры і рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.
Вялікае святочнае мерапрыемства, якое прайшло ў Васiлiшкаўскiм доме-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця ў рамках акцыі «Нашы дзеці», сабрала прадстаўнікоў органаў улады, кіраўнікоў розных устаноў і арганізацый, а таксама прыватных асоб і прадстаўнікоў духавенства. Усе прыехалі з падарункамі і самымі шчырымі пажаданнямі здароўя, радасці і аптымізму. Віншуючы выхаванцаў дома-інтэрната з надыходзячымі святамі, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кутурко адзначыла:
- Новы год - гэта цудоўнае свята, і сёння цуд мы абяцаем кожнаму з вас. Усе вы пісалі лісты Дзеду марозу, а нашы студэнты збіралі гэтыя лісты і дастаўлялі іх адрасату. Яны вельмі прасілі, каб Дзед Мароз выканаў жаданнi кожнага з вас. І цуд адбыўся! Мары спраўджваюцца. І сёння вы атрымаеце падарункі, пра якія марылі. Таксама Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы дорыць вашай ўстанове сертыфікат на 2 тысячы рублёў. Хачу пажадаць усім вам усмешак, добрага настрою і шчаслівага Новага года!
Купалаўскі ўніверсітэт выконвае жаданні выхаванцаў Васілішкаўскага дома-інтэрната ўжо больш за дзесяць гадоў. Самыя актыўныя ўдзельнікі акцыі - прадстаўнікі юрыдычнага факультэта, Інстытута павышэння кваліфікацыі ГрДУ імя Янкі Купалы і Савета валанцёраў. У гэтым годзе ініцыятыўнымі студэнтамі і супрацоўнікамі ўніверсітэта было сабрана сто падарункаў па лістах, якія адрасавалі Дзеду Марозу выхаванцы інтэрната. Дзеці прасілі МР3-плэеры, цацкі, калонкі, кнігі і настольныя гульні. Акрамя гэтага, купалаўцы прывезлі з сабой сродкі гігіены, адзенне і, вядома ж, прысмакі.
- Мы курыруем Васілішкаўскі дом-інтэрнат ужо шмат гадоў. Пастаянна прыязджаем сюды - і не толькі з падарункамі. Студэнты-валанцёры ахвотна прысвячаюць гэтым дзецям свой вольны час: гуляюць з імі, займаюцца. Можна сказаць, што мы ўжо прыязджаем сюды, як дадому. І выхаванцы, і супрацоўнікі гэтай установы сталі для нас роднымі, - распавяла загадчык кафедры сучасных тэхналогій адукацыі Інстытута павышэння кваліфікацыі ГрДУ імя Янкі Купалы Ганна Аўдзей.
Асабліва шмат гасцей у Васілішкаўскім доме-інтэрнаце бывае ў святочны пераднавагодні і калядны перыяд. У гэтым годзе ў рамках акцыі «Нашы дзеці» вялікае святочнае мерапрыемства, акрамя супрацоўнікаў і студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы, наведалі таксама прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама, кіраўнікі ўстаноў і арганізацый Шчучынскага раёна і прадстаўнікі мясцовых органаў улады.
- Падарункі любяць усе - і дзеці, і дарослыя. Таму Новы год - выдатнае свята, а яшчэ гэта выдатная магчымасць сустрэцца з нашымі сябрамі, - звярнуўся да ўдзельнікаў свята дырэктар Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця Здзіслаў Янкевіч. - Мы сёння вельмі ўпэўнена і моцна стаім на нагах, у тым ліку і дзякуючы падтрымцы кожнага з вас. У рамках правядзення акцыі «Нашы дзеці» вельмі вялікую ўвагу нам надаюць многія арганізацыі і ўстановы, грамадскія аб'яднанні, валанцёры. Вы не толькі выканалі жаданнi нашых выхаванцаў, але і далі магчымасць умацаваць нашу матэрыяльна-тэхнічную базу. Вялікі вам за гэта дзякуй!
У Васілішкаўскім доме-інтэрнаце пастаянна пражываюць, атрымліваюць лячэнне і догляд, а таксама наведваюць заняткі і асвойваюць навыкі, неабходныя для паспяховай сацыяльнай адаптацыі, 157 выхаванцаў. Прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы ўваходзяць у Апякунскі савет пры гэтай установе і рэгулярна праводзяць дабрачынныя мерапрыемствы для дзяцей, якія выхоўваюцца ва ўстанове.