Фінал праекта стартаваў 2 сакавіка і праходзіць на працягу двух дзён у Мінску. На выставе прадстаўлена больш за 100 аўтарскіх распрацовак, з іх восем праектаў абараняюць прадстаўнікі Гродзеншчыны.
Усяго ў дзевятым сезоне конкурсу прымалі ўдзел больш за паўтысячы школьнікаў і студэнтаў, а таксама маладыя навукоўцы. У іх ліку і праект студэнткі 2 курса інжынерна-будаўнічага факультэта Вераніка Кастровай, якая па выніках усіх тураў стала фіналісткай конкурсу.
Дзяўчына прапануе распрацоўку кампазіцыйнага матэрыялу на аснове серазмяшчальных адходаў ААТ «Гродна Азот», што заменіць сыравінны кампанент серазмяшчальных адходаў прамысловасці. Дарэчы, Вераніка ўжо абараняла сваю ідэю на занальным этапе «100 ідэй для Беларусі» і прымала ўдзел у конкурсе студэнцкіх стартап праектаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы «ИнНаСтарт».
Ацэньвае распрацоўкі ўдзельнікаў экспертны савет. Пераможцаў вызначаць у дзесяці намінацыях. Па словах арганізатараў, фінал дзевятага сезону конкурсу праходзіць з акцэнтам на экалагічную тэматыку. Найбольш перспектыўныя работы атрымаюць гранты на стварэнне бізнес-планаў і магчымасць прыняць удзел у галоўным рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў.