У Купалаўскім універсітэце прайшоў семінар-практыкум «Настаўнік - студэнт: формула поспеху».
Удзельнікамі мерапрыемства сталі студэнты старэйшых курсаў, уключаныя ў Банк даных адоранай і таленавітай моладзі ўніверсітэта, выпускнікі ўніверсітэта, чый вопыт узаемадзеяння з настаўнікам быў плённым і выніковым, адказныя за працу з адоранай і таленавітай моладдзю на факультэтах.
Як адзначыла начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення Марына Калацэй, у развіцці кожнага студэнта адну з ключавых роляў іграе настаўнік.
- Гэта прафесіянал, які ўмее найлепшым чынам раскрыць патэнцыял студэнта, уключыць яго ў практычную крэатыўную дзейнасць, выбудаваць індывідуальную траекторыю дасягнення поспеху, - распавяла Марына Калацэй. - У адукацыйным працэсе вельмі важна стварыць усе ўмовы для прадуктыўнага ўзаемадзеяння студэнта і настаўніка.
Удзельнікі семінара падзяліліся ўласным меркаваннем і вопытам аб паспяховым узаемадзеянні настаўніка і студэнта. Так, аб сваёй формуле поспеху працы з настаўнікамі распавяла выкладчык кафедры сістэмнага праграмавання і камп'ютарнай бяспекі Купалаўскага ўніверсітэта, стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Вікторыя Мядзведзева. Яна звярнула ўвагу на тое, што на працягу вучобы ва ўніверсітэце яе суправаджалі настаўнік-куратар, настаўнік-выкладчык, настаўнік-навуковы кіраўнік, сёння - гэта настаўнік-дэкан, настаўнік-загадчык кафедры. Менавіта дзякуючы іх падтрымцы і ўменню накіроўваць атрымліваецца дасягаць высокіх вынікаў у вучобе і прафесійнай дзейнасці.
Пра досвед арганізацыі настаўніцкага суправаджэння на юрыдычным факультэце распавёў дацэнт кафедры грамадзянскага права і працэсу Авак Вартанян. Ён адзначыў, што камандная праца групы выкладчыкаў, пераемнасць і матывацыя студэнтаў дазваляюць ужо на працягу некалькіх гадоў камандзе юрыдычнага факультэта заваёўваць прызавыя месцы на Беларускай юрыдычнай алімпіядзе. У 2020 годзе сем студэнтаў юрыдычнага факультэта атрымалі Пасведчанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
У другой палове семінара студэнтам было прапанавана выканаць творчае заданне: знайсці формулу паспяховага ўзаемадзеяння «настаўнік - студэнт». Яны павінны былі адказаць на пытанні: хто можа быць настаўнікам, чаго я чакаю ад настаўніка, як я хачу ўзаемадзейнічаць з настаўнікам. Студэнты працавалі ў міжфакультэцкіх групах пад кіраўніцтвам мадэратараў - выкладчыкаў, якія курыруюць работу з адоранай і таленавітай моладдзю на факультэтах, пасля чаго кожная група прадставіла свой вынік.
Па выніках семінара-практыкума студэнты адзначылі важнасць настаўніцкага суправаджэння, звярнулі ўвагу на карыснасць зносін на адной пляцоўцы студэнтаў і выкладчыкаў розных факультэтаў. Былі выказаны пажаданні арганізоўваць такія семінары на пастаяннай аснове.
Даведачна: У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы вядзецца мэтанакіраваная сістэмная праца з адоранымі і таленавітымі студэнтамі. У 2019 годзе распрацавана і зацверджана Канцэпцыя арганізацыі работы з адоранай і таленавітай моладдзю. Створаны фонд фінансавай падтрымкі «Таленавітая моладзь», які дае студэнтам магчымасці для ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах, конкурсах і спаборніцтвах за кошт сродкаў універсітэта. У 2019 годзе 43 студэнты атрымалі матэрыяльную падтрымку з фонду ў памеры 27 000 беларускіх рублёў.