Фінал конкурсу «Лепшая група ўніверсітэта - 2020» прайшоў у Купалаўскім універсітэце 15 кастрычніка.
Конкурс праходзіў у тры этапы. У першым туры лепшую групу выбіралі на кожным з факультэтаў. На другім этапе студэнты, якія перамаглі ў папярэднім туры, прадставілі ўвазе журы партфоліо і відэаролікі аб сваёй групе. Завяршальным этапам стаў фінальны выступ. У гэтым годзе ў фінале свае таленты на галоўнай сцэне ГрДУ імя Янкі Купалы дэманстравалі чатыры студэнцкія групы: факультэт біялогіі і экалогіі, дзве навучальныя групы факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, педагагічны факультэт.
З прывітальным словам перад пачаткам мерапрыемства да студэнтаў звярнуўся прарэктар па выхаваўчай працы Васілій Сянько: ён пажадаў ім поспехаў у конкурсе, новых творчых дасягненняў у сценах Alma-Mater.
Першым конкурсным выпрабаваннем для купалаўцаў стала прэзентацыя групы: рабяты распавядалі і паказвалі свае дасягненні, казалі пра захапленні, насычанае і вясёлае студэнцкае жыццё. Студэнты кожным выступам даводзілі сваю згуртаванасць і крэатыўнасць. У рамках творчага конкурсу купалаўцы спявалі, танцавалі, дэкламавалі вершы, паказвалі тэатралізаваныя нумары.
Пераможцамі агульнаўніверсітэцкага конкурсу «Лепшая група ўніверсітэта - 2020» сталі студэнты 3 курса спецыяльнасці "Інфармацыя і камунікацыя" факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, на другім месцы - група 4 курса спецыяльнасці "Дашкольная адукацыя" педагагічнага факультэта, трэцяе месца занялі студэнты 3 курса спецыяльнасці "Турызм і гасціннасць" факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму. Групе 4 курса спецыяльнасці "Біятэхналогія" факультэта біялогіі і экалогіі быў уручаны спецыяльны прыз ад Прафсаюзнага камітэта студэнтаў універсітэта.
Кожная каманда ўдзельнікаў конкурсу атрымала салодкія прызы ад ПА ГА «БРСМ» універсітэта, а пераможцаў узнагародзілі таксама экскурсійнай паездкай па Беларусі.