Атрымліваць веды ў рамках навучальных семінараў будуць 56 актыўных рабят першага і другога курсаў розных факультэтаў Купалаўскага ўніверсітэта.
У рамках школы купалаўцы змогуць павысіць узровень ведаў і ўменняў у галіне арганізатарскай дзейнасці, выхавання лідарскіх якасцяў і набыць навыкі паспяховай камунікацыі. У рамках семінараў са студэнтамі на працягу года будзе арганізавана праца са спецыялістамі ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю, педагогамі-псіхолагамі сацыяльна-педагагічнай службы ўніверсітэта, выкладчыкамі кафедраў. Плануецца арганізацыя і правядзенне сустрэч з членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кіраўнікамі арганізацый і ўстаноў Гродна, лідарамі моладзевых грамадскіх аб'яднанняў. У сваю чаргу, кожны ўдзельнік будзе выконваць практычныя заданні, накіраваныя на набыццё арганізатарскіх навыкаў у рамках факультэта і вучэбнай групы. Так, пройдуць трэнінгі па тайм-мэнэджменце, правілах складання плана працоўнага тыдня кіраўніка, асновах праектнай дзейнасці, штотыдзень будуць арганізаваны і розныя мітапы: «Ад ідэі да праекта», «Прапампуй крэатыў».
На першай кастрычніцкай сустрэчы «Школы лідэра» студэнты-актывісты змаглі пазнаёміцца з дзейнасцю першасных арганізацый грамадскіх аб'яднанняў універсітэта, дзейнасцю студэнцкага самакіравання.
Выконваючая абавязкі старшыні Каардынацыйнага студэнцкага савета ўніверсітэта Вераніка Басінская распавяла аб дзейнасці студэнцкага самакіравання ва ўніверсітэце, адзначыла, што яго дзейнасць накіравана на рэалізацыю магчымасцяў і абарону правоў кожнага студэнта. З выступу намесніка сакратара першаснай арганізацыі з правамі раённага камітэта ГА «БРСМ» Вольгі Русілка рабяты даведаліся аб мерапрыемствах, акцыях, якія праводзяцца аб'яднаннем ва ўніверсітэце. У сваю чаргу, старшыня прафкама студэнтаў Дыяна Трафімовіч пазнаёміла студэнтаў з рознымі відамі стыпендый, распавяла аб сістэме сацыяльнай падтрымкі, праектах, якія арганізуюцца прафкамам студэнтаў.
Наступны занятак «Школы лідара» будзе прысвечаны лідарству як спосабу самарэалізацыі ў маладзёжным асяроддзі. Для рабят правядуць адаптацыйна-інтэграцыйныя трэнінгі на знаёмства і дыягностыку лідарскіх здольнасцяў кожнага.