Вынікі конкурсу мастацкай самадзейнасці сярод студэнтаў першага курса Купалаўскага ўніверсітэта падвялі ў Міжнародны дзень студэнта.
Фінал юбілейнага конкурсу «Alma mater - любоў з першага курсу» упершыню праходзіў у рэжыме онлайн. Прадстаўнікі журы ацанілі выступленні ўдзельнікаў па відэазапісах, пасля гэтага адбылося абвяшчэнне вынікаў конкурсу ў прамым эфіры.
Пераможцам XXV агульнаўніверсітэцкага конкурсу мастацкай самадзейнасці сярод студэнтаў першага курса стала каманда факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання. Другое месца - у каманды факультэта гісторыі камунікацыі і турызму. І замыкае тройку лідэраў - каманда факультэта фізічнай культуры.
Былі названы лепшыя і па асобных намінацыях. Па выніках конкурсу перамогу ў намінацыі «Лепшы сцэнар праекта» атрымаў факультэт інавацыйных тэхналогій машынабудавання. Галоўная ўзнагарода ў намінацыі «Лепшая рэжысура праекта» - у факультэта гісторыі камунікацыі і турызму. У намінацыі «За вернасць традыцыям» адзначана выступленне факультэта эканомікі і кіравання. «За шматгадовы ўклад у развіццё праекта» вырашана ўзнагародзіць філалагічны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы. «Прарывам года» была прызнаная каманда першакурснікаў інжынерна-будаўнічага факультэта. У якасці лепшага вакальнага калектыву праекта адзначаны факультэт біялогіі і экалогіі, лепшым вакальным ансамблем праекта стала каманда факультэта матэматыкі і інфарматыкі, а лепшым танцавальным калектывам - каманда факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму. Лепшы харэаграфічны нумар падрыхтавалі для конкурсу першакурснікі юрыдычнага факультэта, а перамога ў намінацыі «Лепшы нумар арыгінальнага жанру» была прызнаная за камандай факультэта мастацтваў і дызайну.
Вызначаны таксама пераможцы сярод удзельнікаў конкурсу ў асабістых намінацыях. Студэнт інжынерна-будаўнічага факультэта Дзмітрый Васюкевіч стаў пераможцам у намінацыі «Цвік праграмы», студэнт факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Мікіта Нічыпар - у намінацыі «Лепшая мужчынская роля», студэнт факультэта фізічнай культуры Мікіта Лукашоў - у намінацыі «Лепшая мужчынская роля другога плана», студэнтка педагагічнага факультэта Ксенія Лагута - у намінацыі «Лепшая жаночая роля другога плана» і курсант ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Дзмітрый Ксёнжык быў адзначаны як лепшы вакаліст праекта.
Узнагароды пераможцам будуць уручаны вечара 26 лістапада на Савеце па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце.