Мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел беларускія і замежныя студэнты Купалаўскага ўніверсітэта, адбылося ў рамках Тыдня роднай мовы.
У чытальнай зале Навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы гучалі вершы не толькі на беларускай, але і на кітайскай, туркменскай, узбекскай мовах. Сярод удзельнікаў акцыі былі студэнты, якія прыехалі вучыцца ў Купалаўскі ўніверсітэт з розных краін. Пры гэтым замежныя студэнты чыталі вершы не толькі на сваёй роднай мове, але і на мове Купалы. Верш жа беларускага класіка «А хто там ідзе?» прагучаў у перакладзе на кітайскую мову. А студэнтка філалагічнага факультэта Гурлух Бердзіева прадставіла свой аўтарскі пераклад верша Янкі Купалы "Роднае слова".
Навуковая бібліятэка ГрДУ імя Янкі Купалы штогод у канцы лютага праводзіць шэраг мерапрыемстваў у рамках Тыдня роднай мовы. Сярод традыцыйных мерапрыемстваў - тэматычныя выставы і акцыя «Чытаем любімых аўтараў разам» у сацыяльных сетках.