«Золата» спаборніцтваў удастоены прадстаўнікі ваеннага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта ў камандным заліку і ў асабістым першынстве.
«Камандзірскія старты» праводзіліся 20 і 21 мая на спартыўных базах Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл у дзвюх групах. У першай групе спаборнічалі дзесяць зборных каманд, якія прадстаўляюць віды, роды войскаў і войскі аператыўных камандаванняў. Другая група - гэта 14 зборных каманд ад ваенных навучальных устаноў. Удзельнікі спаборніцтваў змагаліся ў чатырох відах мнагабор'я: стральба з пісталета ПМ, падцягванне на перакладзіне, бег на 1 або 3 км, плаванне 100 метраў вольным стылем.
Па выніках VI чэмпіянату Узброеных Сіл па мнагабор'і «Камандзірскія старты» ГрДУ імя Янкі Купалы стаў лепшым у другой групе, атрымаўшы перамогу сярод 14 каманд ваенных навучальных устаноў. У каманду ад Купалаўскага ўніверсітэта ўвайшлі тры прадстаўнікі ваеннага факультэта: начальнік факультэта Лявонцій Паўлаў, начальнік курса Дзмітрый Карпук і курсавы афіцэр батальёна курсантаў Міхаіл Максімук.
Таксама ў рамках чэмпіянату сталі вядомыя пераможцы і прызёры ў асабістым першынстве, якія вызначаліся ў трох намінацыях: начальнікі (намеснікі) ваенных факультэтаў, камандзіры батальёна курсантаў (начальнікі курсаў), курсавыя афіцэры.
У асабістым першынстве сярод начальнікаў (намеснікаў) ваенных факультэтаў краіны «золата» заваяваў начальнік ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы, палкоўнік Лявонцій Паўлаў. Таксама Лявонцій Юр'евіч у стральбе з пісталета ПМ у практыкаванні ПМ-1 усталяваў рэкорд роднага факультэта, набраўшы 95 ачкоў. У намінацыі «Курсавыя афіцэры» срэбным прызёрам спаборніцтваў у асабістым заліку стаў курсавы афіцэр батальёна курсантаў нашага ўніверсітэта, капітан Міхаіл Максімук.