Навуковая распрацоўка выканана на кафедры электратэхнікі і электронікі фізіка-тэхнічнага факультэта за кошт сродкаў Фонду інавацыйнага развіцця Купалаўскага ўніверсітэта.
Прататыпы алкометры распрацавалі на аснове электрахімічных і паўправадніковых сэнсараў ў рамках завершанага праекта «Распрацоўка і выраб дэманстрацыйных прататыпаў (выставачных экспанатаў) вымяральнікаў канцэнтрацыі пароў этанолу ў выдыханым паветры». Праект накіраваны на стварэнне новых для Рэспублікі Беларусь сродкаў вымярэнняў для агляду людзей на прадмет знаходжання іх у стане алкагольнага ап'янення. Распрацаваныя прататыпы валодаюць высокімі тэхнічнымі характарыстыкамі на ўзроўні ўзораў вядучых вытворцаў, не маюць аналагаў сярод алкометраў, што вырабляюцца ў нашай краіне.
Распрацоўка купалаўцаў - першы ў Беларусі вымяральнік канцэнтрацыі пароў этанолу ў выдыханым паветры на аснове электрахімічнай ячэйкі з выкарыстаннем палепшанай схемы вымярэння і карэкцыі вынікаў аўтарскай распрацоўкі. Кошт вымяральніка, дарэчы, істотна ніжэй замежных аналагаў. Важкая перавага распрацоўкі - у яе цеснай інтэграцыі са смартфонамі, планшэтамі і кампутарамі. Гэта дазволіць працадаўцам, напрыклад, дыстанцыйна адсочваць работнікаў, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап'янення. Пры гэтым прыбор або яго модулі могуць быць інтэграваныя і ў больш складаныя аўтаматызаваныя сістэмы кантролю, а таксама ў транспартныя сродкі.
Кіраўніком праекта выступіў загадчык лабараторыі электрафізічных вымярэнняў Артур Ліцкевіч, таксама ў рабоце над праектам прымалі ўдзел загадчык кафедры электратэхнікі і электронікі Андрэй Герман, выпускнікі фізіка-тэхнічнага факультэта Аляксандр Ліцкевіч, Аляксей Мікіта і Вітольд Заман. Праект «Распрацоўка і выраб дэманстрацыйных прататыпаў (выставачных экспанатаў) вымяральнікаў канцэнтрацыі пароў этанолу ў выдыханым паветры» стаў першым праектам, якія атрымалі фінансаванне за кошт сродкаў Фонду інавацыйнага развіцця Купалаўскага ўніверсітэта.