Супрацоўнікі Купалаўскага ўніверсітэта працягваюць вакцынавацца ад каронавіруснай інфекцыі. На дадзены момант вакцыну атрымалі больш за 50% выкладчыцкага складу. Чарговы выезд прышчэпачнай брыгады ў галоўны корпус універсітэта адбыўся 23 чэрвеня.
З сярэдзіны лютага супрацоўнікі ўніверсітэта маглі зрабіць прышчэпку на базе Гарадской паліклінікі №1 і ў паліклініках па месцы жыхарства. Выязная прышчэпачная брыгада нядаўна стала працаваць і ў здраўпункце ўніверсітэта, у прыватнасці, у новым інтэрнаце па вуліцы Дубко.
- Сёння першасную вакцынацыю «Спутінк V» прайшло больш за 30 супрацоўнікаў універсітэта. Усяго, пачынаючы з лютага, вакцынаваны 56.7% прафесарска-выкладчыцкага складу. Наступны этап вакцынацыі супрацоўнікаў запланаваны на 30 ліпеня, у гэты дзень больш за 70 чалавек атрымаюць другі кампанент вакцыны, таксама плануецца першасная вакцынацыя 50 супрацоўнікаў нашага ўніверсітэта, - адзначыла Марына Кравец, загадчык здраўпункта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Сярод жадаючых зрабіць прышчэпку супрацоўнікі і выкладчыкі Купалаўскага ўніверсітэта. Для некаторых - гэта ўжо другі этап вакцынацыі, але ёсць і тыя, хто толькі пачынае прывівацца. Вакцына, на іх думку, дазволіць абараніць і сябе, і навакольных.
- Я лічу, што трэба вакцынавацца, таму што каронавірус існуе, і ён нікуды не знікне. Якасных лекаў на дадзены момант ад яго няма, таму лепш прадухіліць ці паменшыць верагоднасць развіцця сур'ёзных наступстваў, чым спадзявацца на поспех, - падзялілася старшы выкладчык кафедры біяхіміі Таццяна Ільіч.
Дарэчы, больш за 1,06 мільёнаў беларусаў ужо атрымалі першую дозу вакцыны супраць COVID-19, з іх больш за 694,2 тысяч прайшлі поўны курс вакцынацыі.