Першакурснікі ваеннага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта атрымліваюць базавыя веды на Гожскім палігоне.
28 першакурснікаў ваеннага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы на працягу месяца праходзяць курс пачатковай прафесійнай падрыхтоўкі, у рамках якога на гэтых выхадных у іх стартавалі заняткі на палігоне. Курсанты пражываюць у палатачным гарадку ў палявых умовах і спазнаюць ваенную справу.
Сярод вывучаемых дысцыплін - агнявая падрыхтоўка, ваенная тапаграфія, ваенная інжынерная падрыхтоўка, а таксама тактычная падрыхтоўка. Зборы з'яўляюцца абавязковай часткай вучэбнай праграмы і накіраваны на фізічную, псіхалагічную і маральную падрыхтоўку асабістага складу да ўмоў ваеннай службы.
Сярод першакурснікаў ваеннага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта гэтага года 16 будуць навучацца па спецыяльнасці «Тылавое забеспячэнне войскаў (харчаваннем)», 8 - па спецыяльнасці «Тылавое забеспячэнне войскаў (рэчавай маёмасцю)» і 4 - па спецыяльнасці "Фізічная падрыхтоўка ваеннаслужачых". З ліку новага папаўнення ў інтарэсах Узброеных Сіл ваенным факультэтам ГрДУ імя Янкі Купалы будзе падрыхтавана 20 маладых афіцэраў, у інтарэсах Памежнага камітэта - 2 чалавекі, Унутраных войскаў - 3, Міністэрства ўнутраных спраў - 2 і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях - 1 чалавек.