14-я Міжнародная алімпіяда школьнікаў па астраноміі і астрафізіцы (IOAA 2021) праходзіла ў дыстанцыйным фармаце ў Калумбіі.
Каманда Рэспублікі Беларусь дастойна выступіла на гэтым прэстыжным інтэлектуальным спаборніцтве. Выпускнік Ліцэя №1 Гродна Арсеній Камароў і адзінаццацікласнік Ліцэя БДУ Арцемій Сыракваш заваявалі бронзавыя медалі. Усяго ў міжнароднай алімпіядзе па астраноміі і астрафізіцы (IOAA-2021) прынялі ўдзел 240 прадстаўнікоў з 48 краін свету.
Навуковымі кіраўнікамі і трэнерамі беларускай каманды з'яўляліся Казімір Зноска, дацэнт кафедры тэарэтычнай фізікі і цеплатэхнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Станіслаў Секержыцкі, дацэнт кафедры агульнай і тэарэтычнай фізікі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна.
Спаборніцтва ўключала чатыры індывідуальныя туры і адзін камандны. Удзельнікі вырашалі тэарэтычныя і практычныя задачы, многія з якіх былі распрацаваны на аснове астранамічных назіранняў апошняга часу. Час выканання заданняў складаў ад 45 хвілін да пяці гадзін
Асаблівасцю гэтай алімпіяды стала дыстанцыйнае назіранне. Удзельнікі з дапамогай спецыяльнай праграмы атрымлівалі рэальныя выявы Сонца, назіралі і даследавалі дынаміку каранальнага выкіду, які прывёў да магнітнай буры на Зямлі. Назіранне зорнага неба і яго аб'ектаў таксама было дыстанцыйным. Удзельнікі алімпіяды атрымлівалі выявы ўчасткаў неба і адказвалі на пастаўленыя пытанні.