Наведаць тэхнапарк запрасілі рабят з СШ №7, якія былі ў ліку тых, хто маляваў працы для выставы, якая стала часткай адкрыцця Навукова-тэхналагічнага парка ГрДУ імя Янкі Купалы.
Школьнікі нашага горада намалявалі, якім яны бачаць тэхнапарк у далёкай будучыні. Малюнкі "сустракалі" гасцей адкрыцця другой чаргі Тэхнапарка, якое адбылося 5 лістапада. Запуск у эксплуатацыю другой чаргі стаў знакавай падзеяй не толькі для ўніверсітэта, але і рэгіёну ў цэлым.
Маленькія наведвальнікі, нягледзячы на свой узрост, здолелі ацаніць маштаб адкрытага аб'екта і з цікавасцю паслухалі невялікую займальную лекцыю аб бізнесе і прадпрымальніцтве, якую правёў дацэнт кафедры міжнароднага бізнесу і маркетынгу Уладзімір Ляўшук.
Усяго ў стварэнні выставы прынялі ўдзел больш за 200 школьнікаў, паступова яны наведаюць Тэхнапарк і змогуць убачыць свае малюнкі, сабраныя ў вялікую экспазіцыю. Выкладчыца СШ №7 Аліна Палтарак адзначыла, што дзецям было вельмі прыемна ўбачыць свае працы.
З адкрыццём тэхнапарку з'явілася база для рэалізацыі тых інавацыйных ідэй, якія нараджаюцца ў галовах прадпрымальных людзей. Цяпер тым, хто жадае адкрыць сваю справу, не трэба ламаць галаву, дзе рэалізаваць свой патэнцыял. Важна, што створаны Тэхнапарк выкарыстоўваецца і для навучання студэнтаў. З адкрыццём другой чаргі ўсе гэтыя патэнцыялы будуць рэалізавацца з яшчэ большымі абаротамі.