Шэрагі рэзідэнтаў Навукова-тэхналагічнага парка ГрДУ імя Янкі Купалы папоўніліся шасцю новымі кампаніямі.
Урачыстая цырымонія падпісання дагавораў прайшла ў новай канферэнцзале, якая размешчана на плошчах другой чаргі Тэхнапарка. Несумненна, гэта вялікая падзея для Купалаўскага ўніверсітэта. Напрамкі работы новых кампаній самыя розныя - ад біятэхналогій да вытворчасці ЧПУ-станкоў.
- Напрамкі працы рэзідэнтаў пераклікаюцца з навуковымі распрацоўкамі, якія культывуюцца ў нас ва ўніверсітэце. Гэта дазваляе прыцягваць студэнтаў для працы ў Тэхнапарку, што дае ім магчымасць атрымліваць каштоўны практычны досвед, у тым ліку і вытворчы. Бо асаблівасць другой чаргі заключаецца ў тым, што тут размешчаны не толькі офісныя памяшканні кампаній, але і вытворчая частка. Акрамя таго, блізкасць навуковых напрамкаў дае магчымасць праводзіць на базе тэхнапарка практычныя заняткі, - расказаў першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі.
У другой чарзе Тэхнапарка на сённяшні дзень з 16 вытворчых памяшканняў вакантнымі застаюцца два, таксама вольныя два офісы. Цяпер разглядаюцца паступаючыя прапановы і праводзіцца адбор на гэтыя лакацыі. Важная ўмова, якая дазваляе стаць рэзідэнтам, - інавацыйнасць распрацоўкі.
Новыя рэзідэнты ахвотна падзяліліся меркаваннямі наконт іх набытага статусу. Дзяніс Захарэвіч, уладальнік кампаніі «AutoBogov», займаецца распрацоўкамі ў аўтамабільнай сферы. Напрыклад, кампанія рэалізуе праекты па 3D-мадэляванні кузаўных запчастак, што дазваляе аблегчыць рамонт і наступную эксплуатацыю аўтамабіля. Такая тэхналогія таксама выбавіць аўтамабілістаў, якім патрэбны рэдкія або знятыя з вытворчасці дэталі, бо тэхналогія дае магчымасць зрабіць любую запчастку.
- Акрамя таго, мы працуем над стварэннем мабільнага прыкладання, якое дазволіць ацэньваць аб'ём рамонтных работ і меркаваны кошт, у тым ліку і выдалена. У Навукова-тэхналагічным парку створаны ўсе ўмовы для якаснай і паспяховай работы. Тут прадумана ўсё: ад тэхнічных момантаў, да бытавых. Адчуваецца падтрымка ад універсітэта, заўсёды можна звярнуцца па дапамогу, - распавёў Дзяніс Захарэвіч.
Як адзначыў Мікалай Кузняцоў, які прадстаўляе сэрвісна-гандлёвае прыватнае унітарнае прадпрыемства "Гродзенскі цэнтр ветэрынарнай дапамогі", у Навукова-тэхналагічным парку ГрДУ імя Янкі Купалы сфарміравалася спрыяльнае асяроддзе для навукова-інавацыйнай дзейнасці. Плённай рабоце садзейнічае блізкасць іншых вучоных і цудоўная навукова-тэхналагічная база.
– Мы ўжо дастаткова даўно працуем над праектам па прымяненні завісі хларэлы ў кармленні буйной рагатай жывёлы, свіней і птушак. У гэтым годзе мы пашырылі напрамкі дзейнасці і распрацавалі партатыўны біярэактар па вытворчасці прыроднага кіслароду ў хатніх умовах, што асабліва актуальна ў кавідныя часы, - расказаў Мікалай Кузняцоў.
Усе рэзідэнты ўнікальныя па-свойму і кожная кампанія ўносіць свой уклад у развіццё не толькі Гродзеншчыны, але і краіны ў цэлым. Сярод новых рэзідэнтаў таксама індывідуальны прадпрымальнік Арцём Глотаў, таварыства з абмежаванай адказнасцю «МігСофт», таварыства з абмежаванай адказнасцю «Логвуд», таварыства з абмежаванай адказнасцю «МеталПромТэхна».