Зорны паход адбыўся 26-28 студзеня на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
У гэтым годзе атрад упершыню быў «зборны». Прымалі ўдзел не толькі прадстаўнікі ўстаноў адукацыі – Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л. Гумілёва (Рэспубліка Казахстан , г. Нур-Султан), але таксама і супрацоўнікі Беларускага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму прынялі актыўны ўдзел у паходзе. Пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Сяргея Амелька, каманда, у якую ўвайшлі Ларын Аляксей (4 курс, спецыяльнасць гісторыя), Мацута Яўген (2 курс, спецыяльнасць гісторыя-археалогія), Муляр Аляксандра (2 курс, спецыяльнасць журналістыка) разам з іншымі ўдзельнікамі накіраваліся ў Светлагорскі раён.
У гэтым годзе месцам паходу стаў Светлагорскі раён не проста так, менавіта тут пачыналася знакамітая і ў той жа час адна з асноўных аперацый Вялікай Айчыннай вайны пад назвай «Баграціён». На ўрачыстым мітынгу каля мемарыяльнага комплексу "Аперацыя Баграціён" удзельнікаў вітала старшыня Светлагорскага раённага савета дэпутатаў Людміла Вялічка і дэкан гістарычнага факультэта БДПУ Вераніка Скок. Падчас мітынгу быў дадзены старт Рэспубліканскаму грамадзянска-патрыятычнаму праекту з міжнародным удзелам "Марафон памяці" і запалена лампада з сімвалічным агнём Памяці. У мітынгу прынялі ўдзел прадстаўнікі гістарычнай супольнасці Беларусі, навучэнцы ўстаноў адукацыі Светлагорскага раёна, прадстаўнікі адміністрацыі. У рэжыме on-line трансляцыі да мітынгу далучыліся гісторыкі з Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна і Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. У гонар гэтай аперацыі і быў названы мемарыяльны комплекс, дзе і быў першы прыпынак паходу. Дзеці з кожнай установы адукацыі, якая прымае паход, далі клятву заўсёды даносіць ісціну, у якой адлюстравана гісторыя нашага гераічнага мінулага. У канцы мітынгу ўдзельнікі ўсклалі кветкі і вянкі, а пасля наведалі музей.
Ветліва сустрэлі ўсіх удзельнікаў паходу навучэнцы Дуброўскага яслі-сада-сярэдняй школы, уручылі памятныя падарункі. Удзельнікі аб'яднанага атрада "Баграціён" правялі прафарыентацыйны мітап, урок мужнасці "Дзіцячая памяць мацней за час", у фармаце "музей у чамадане" азнаёмілі навучэнцаў пачатковай школы з калекцыяй экспанатаў ваеннай тэматыкі, прадстаўнікі ЕНУ распавялі школьнікам аб сваёй краіне. Педагагічны калектыў і навучэнцы цёпла віталі ўдзельнікаў «Зорнага паходу», прэзентавалі досвед працы сваіх устаноў адукацыі, з гонарам расказвалі пра педагагічныя дынастыі, дасягненні вучняў. Прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы правялі прафарыентацыйныя мерапрыемствы, а пасля разам усклалі кветкі на брацкую магілу і прынялі ўдзел у мітынгу.
Наступным этапам паходу па светлагорскай зямлі стаў мемарыяльны комплекс "Ала". Калісьці гэта была невялікая вёска, якая знаходзіцца ў лесе, але па колькасці ахвяр яна як 12 Хатыняў. Тут гітлераўцамі было расстраляна і спалена 1758 мірных жыхароў, у тым ліку 950 дзяцей.
На мітынгу ў мемарыяльным комплексе "Ала" выступіла начальнік аддзела адукацыі Светлагорскага райвыканкама Жанна Чаркас, якая зачытала прывітальны зварот старшыні Светлагорскага райвыканкама Дзмітрыя Алейнікава да ўдзельнікаў "Зорнага паходу". Варта адзначыць, што "Зорны паход" упершыню праходзіць у Светлагорскім раёне і, што сімвалічна, праходзіць напярэдадні дня вызвалення Светлагорскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Удзельнікі паходу ўсклалі кветкі і наведалі капліцу.
Завяршальным пунктам падарожжа купалаўцаў стаў аграгарадок Чыркавічы. Спачатку студэнты прынялі ўдзел у вахце памяці ля брацкай магілы і ўсклалі кветкі, пасля ўдзельнікі паходу накіраваліся ў Чыркавіцкую сярэднюю школу імя П.М. Стэфаноўскага, дзе студэнты наведалі школьную карцінную галерэю. Вечар завяршыўся сумесным канцэртам навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў і атрада "Баграціён", які падарыў шмат радасных эмоцый усім прысутным. Разыначкай вечара стала імправізаваная прэзентацыя казахскай культуры - дэгустацыя традыцыйных страў і канцэртныя нумары ў выкананні прадстаўнікоў ЕНУ.
28 студзеня прадстаўнікі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму прынялі ўдзел у дыялогавай пляцоўцы "Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнскай і студэнцкай моладзі: з вопыту работы ўстаноў адукацыі" (БДПУ). На гэтым мерапрыемстве былі прадстаўлены выступленні і прэзентацыі розных устаноў адукацыі, у тым ліку і дзейнасць студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі па вывучэнні Вялікай Айчыннай вайны, якая дзейнічае на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму. Навуковы кіраўнік праекта прафесар, доктар гістарычных навук Эдмунд Ярмусік прадставіў шырокаму колу з прадстаўнікоў розных устаноў адукацыі нашай краіны канцэпцыю ваенна-патрыятычнага выхавання, якое праводзіцца на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму. У рамках праведзенага круглага стала ўдзельнікі не толькі абмяркоўвалі задумы правядзення такіх жа сустрэч у будучыні, але і прапаноўвалі новыя напрамкі работы па развіцці патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі.