У Гродзенскім Дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы працягваецца серыя дыялогавых пляцовак, прысвечаных зменам і дапаўненням Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Да дыскусіі актыўна падключаюцца студэнты ўніверсітэта. Сёння абмеркаваць новы праект Асноўнага Закона краіны запрасілі студэнтаў фізіка-тэхнічнага факультэта.
З моладдзю будучы Рэферэндум і змяненні ў Канстытуцыю абмеркавалі памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі, дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Віктар Белазаровіч і кандыдат юрыдычных навук, дацэнт кафедры міжнароднага права юрыдычнага факультэта Аксана Шупіцкая.
Юрый Хаджымуратовіч адзначыў, што абмеркаванне новага праекта Канстытуцыі з моладдзю мае вялікае значэнне і павінна мець асаблівы падыход. Выхаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцей, падтрымка моладзі, захаванне гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне - ключавыя задачы для нашай краіны.
- Унясенне дапаўненняў у Асноўны Закон краіны абумоўлена патрабаваннем часу, дынамічным развіццём усіх сфер беларускага грамадства і змяненнем геапалітычнай сітуацыі на сусветнай арэне. Заканадаўства павінна рэагаваць на змены ў грамадскіх адносінах і адлюстроўваць імкненне да развіцця і будаўніцтва эфектыўнай дзяржавы, - адзначыў Юрый Караеў.
Пасля выступлення спікераў студэнты звярнуліся з пытаннямі, якія датычыліся многіх змен. Сярод папулярных - статус і паўнамоцтвы Усебеларускага народнага сходу, парадак яго фарміравання, захаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцей, гістарычнай памяці беларускага народа. Арганізацыя дыялогавых пляцовак - унікальная магчымасць для абмену ідэямі і поглядамі на дапаўненні ў праект Канстытуцыі, стварае ўмовы для непасрэднага ўдзелу маладога пакалення ў станаўленні і развіцці моцнай і незалежнай Беларусі.