Сёння ў сценах Купалаўскага ўніверсітэта прайшла штогадовая акцыя па выбары студэнцкага атрада на трэці працоўны семестр. Студэнтам была прадастаўлена магчымасць не толькі напісаць заяву на ўступленне ў студатрад, але і задаць пытанні, якія іх цікавяць, валанцёрам ПА/РК ГА «БРСМ».
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ўжо шмат гадоў трымае лідзіруючыя пазіцыі па выніках працы трэцяга працоўнага семестра. Купалаўцы спрабуюць сябе ў педагагічным, будаўнічым, сэрвісным і вытворчым атрадах. А з тымі, хто яшчэ не вызначыўся з профілем атрада, валанцёры паразмаўлялі індывідуальна і дапамаглі з выбарам.
Нам удалося паразмаўляць са студэнткай 3 курса філалагічнага факультэта Ангелінай Займак, якая выказала жаданне стаць часткай Штаба працоўных спраў:
- Мне як будучаму настаўніку вельмі цікава паспрабаваць сябе ў ролі важатага, менавіта таму мой выбар упаў на педагагічны атрад. Я неаднаразова чула ад знаёмых станоўчыя водгукі аб працы ў летніх лагерах, а пагаварыўшы з валанцёрамі, я канчаткова пераканалася ў сваім рашэнні. Для мяне праца ў трэцім працоўным семестры - гэта выдатная магчымасць не толькі правесці сваё лета з карысцю, але і атрымаць каласальны вопыт, які спатрэбіцца ў педагагічнай дзейнасці.