Аспіранты 3 курса Казахскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя Абая спецыяльнасці «Фізіка» Уцепава Данія Сабырбекаўна і Сміхан Еркебулан Айтказыулы паспяхова прайшлі стажыроўку з 13 лютага па 2 сакавіка.
Мэтай стажыроўкі было засваенне курса «Прыборы і тэхніка аптычнай спектраскапіі. Методыкі і метады даследавання структур і ўласцівасцей аксідаў металаў», а таксама курса «Практычныя аспекты рэнтгенаўскай дыфрактаметрыі». Стажыроўка праходзіла ў навукова-даследчай лабараторыі радыяцыйнага матэрыялазнаўства і навукова-даследчай лабараторыі спектраскапіі і оптыкі нанаструктур.
Загадчык кафедры агульнай фізікі Аляксандр Маскевіч прадэманстраваў прымяненне ВК спектрафотаметрыі да аналізу паверхні паўправадніковых наначасціц CdSe/ZnS і AgInS на ВК Фур'е спектрафатометры Nicolet iS10.
Прафесар кафедры агульнай фізікі Наталля Стракаль правяла заняткі на тэму «Лакалізацыя наначасціц у аднамернай патэнцыйнай яме», а таксама «Сімуляцыя квантавапамернага эфекту на кампутары з лікавым рашэннем раўнання Шрэдынгера для часціцы, лакалізаванай у патэнцыйнай яме розных памераў». Іна Мацевіч, дацэнт кафедры агульнай фізікі, дапамагла ў засваенні практычнага прымянення канфакальнай мікраспектраметрыі да аналізу лакальнага рН біялагічных тканін на канфакальным мікраспектраметры Nanofinder S Solar TII. З метадамі аналізу шматкампанентных сістэм з дапамогай атамна-сілавога мікраскопа NT-MDT пазнаёміў аспірантаў дацэнт кафедры агульнай фізікі Генадзь Васілюк, а таксама аспірант фізіка-тэхнічнага факультэта Павел Карпач.
Наталля Валько, намеснік дэкана фізіка-тэхнічнага факультэта, дапамагла Даніі і Еркебулану ў засваенні тэарэтычных асноў узаемадзеяння іянізавальнага выпраменьвання з рэчывам, а таксама прадэманстравала методыкі даследавання розных рэчываў метадамі рэнтгенаўскай дыфрактаметрыі.