У Купалаўскім універсітэце прайшоў конкурс прамоўніцкага майстэрства «Лагасфера - 2022», арганізаваны кафедрай журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму. Удзельнікамі спаборніцтва арартараў сталі студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, педагагічнага і юрыдычнага факультэтаў універсітэта. У гэтым годзе конкурс праходзіў пад дэвізам “Зберажом гісторыю – захаваем будучыню” і быў прымеркаваны да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Віктар Белазаровіч. Адкрываючы мерапрыемства, ён адзначыў, што конкурс прамоўніцкага майстэрства праводзіцца на факультэце штогод і стаў добрай традыцыяй, а таксама дэкан пажадаў удзельнікам паспяховага публічнага выступлення.
Аратарскія здольнасці ўдзельнікаў конкурсу ацэньвала кампетэнтнае журы ў складзе галоўнага спецыяліста аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага раённага выканаўчага камітэта Святланы Калугінай, выкладчыкаў і студэнтаў Купалаўскага ўніверсітэта. Журы адзначыла высокую падрыхтоўку ўдзельнікаў да конкурсу, уменне трымацца перад аўдыторыяй, артыстызм, цудоўнае выкананне паэтычных тэкстаў і ўрыўкаў.
Па традыцыі конкурс праводзіўся ў тры этапы. На этапе пад назвай «Самапрэзентацыя» кожны ўдзельнік прадстаўляўся і прапаноўваў на суд журы свой рытарычны маналог. На другім этапе храбятам прапанавалі ў фармаце імправізаваных радыёперадач, рэпартажаў, экскурсій, урокаў прадставіць прамоўніцкі маналог на тэму «Мой універсітэт». Трэці этап уключаў выканальніцкі конкурс "Зямлі вялікай галасы", дзе канкурсанты чыталі вершы і ўрыўкі з твораў беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа на ваенную тэматыку.
Пераможцам «Лагасферы - 2022» і ўладальніцай дыплома I ступені стала студэнтка 3 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Вераніка Саковіч. Дыпломы ІІ ступені ўручылі студэнту 1 курса юрыдычнага факультэта Івану Рамановічу і студэнтцы 1 курса педагагічнага факультэта Вікторыі Арцукевіч. Трэцяе месца журы прысудзіла Ганне Савенок, студэнтцы 1 курса педагагічнага факультэта, і Ілоне Касцюк, студэнтцы 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.
Таксама былі вызначаны пераможцы ў наступных намінацыях.
За выразнасць і яркасць прамовы - Вікторыя Арцукевіч, студэнтка 1 курса педагагічнага факультэта.
За сцэнічнасць і акцёрскае майстэрства – Анастасія Савасцьянік, студэнтка юрыдычнага факультэта, Вераніка Саковіч, студэнтка 3 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.
За ўменне весці дыялог з залай - Касцюк Ілона, студэнтка 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, і Ліпніцкі Уладзіслаў, студэнт 1 курса юрыдычнага факультэта.
За арыгінальнасць падачы матэрыялу - Іван Рамановіч, студэнт 1 курса юрыдычнага факультэта, Аліна Кухарава, студэнтка 1 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.
За бездакорнае валоданне маўленчымі рэсурсамі - Карына Бурлакова, студэнтка 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.
За дакладнасць і лагічнасць прамовы - Юлія Тучкоўская студэнтка, 1 курса педагагічнага факультэта.
За эмацыйнае стаўленне да прадмета выступлення – Мікіта Хмяльніцкі, студэнт 1 курса педагагічнага факультэта.
За ўмелае выкарыстанне сродкаў маўленчай выразнасці - Вікторыя Будрэвіч, студэнтка 1 курса педагагічнага факультэта.
За пісьменнасць і аргументаванасць прамовы -Дзіяна Сяховіч, студэнтка 1 курса юрыдычнага факультэта.
За глыбокае ўзаемадзеянне слова, музыкі і вобразаў – Ганна Савянок, студэнтка 1 курса педагагічнага факультэта.
Віншуем пераможцаў конкурсу і жадаем далейшых поспехаў!