У рамках развіцця супрацоўніцтва факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы і РУП “Выдавецтва “Адукацыя i выхаванне” і пашырэння публікацыйнай актыўнасці навукова-педагагічнага складу на факультэце адбыўся круглы стол “Год гістарычнай памяці: перспектывы развіцця і супрацоўніцтва” з удзелам выкладчыкаў факультэта і супрацоўнікаў рэдакцыі часопіса "Беларускі гістарычны часопіс".
Часопіс прадстаўлялі галоўны рэдактар, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Аляксандр Карзюк, намеснік галоўнага рэдактара Наталля Матусевіч і рэдактар Віктар Чарапко. Аляксандр Карзюк распавёў пра тэматычныя рубрыкі часопіса і пракаментаваў змест яго апошніх нумароў.
У сваю чаргу загадчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Сяргей Піваварчык і загадчык кафедры ўсеагульнай і славянскай гісторыі Аляксандр Нечухрын расказалі аб асноўных напрамках і дасягненнях выкладчыкаў у галіне навукова-даследчых работ. Дэкан факультэта Віктар Белазаровіч звярнуў увагу на тое, што на факультэце на гэты час склаліся аўтарытэтныя школы ў галіне гістарыяграфіі і метадалогіі гістарычных даследаванняў, археалогіі і канфесійнай гісторыі.
У ходзе абмеркавання перспектыў эфектыўнага супрацоўніцтва прафесарска-выкладчыцкага складу факультэта і рэдакцыі часопіса "Беларускі гістарычны часопіс" была прапанавана падрыхтоўка тэматычных выпускаў навуковых артыкулаў выкладчыкаў факультэта.
У сустрэчы з супрацоўнікамі рэдакцыі часопіса ўдзельнічалі і студэнты 2-3 курсаў спецыяльнасці "Гісторыя". Зносіны ў рамках круглага стала выклікалі непадробную цікавасць у студэнцкай аўдыторыі. Дарэчы, Аляксандр Карзюк звярнуў увагу на магчымасць студэнцкіх публікацый у часопісе "Беларускі гістарычны часопіс". Таксама адбылася віктарына для студэнтаў, лепшыя з якіх былі ўзнагароджаны нумарамі «Беларускі гістарычны часопіс» з дароўным подпісам яго галоўнага рэдактара.
Ажыўленую цікавасць у студэнтаў выклікала прэзентацыя выданняў пра польскіх каралёў, вялікіх князёў ВКЛ, падрыхтаваных рэдактарам аддзела часопіса “Беларускі гістарычны часопіс”, вядомым гісторыкам і пісьменнікам Віктар Чарапко. Аўтар расказаў пра працэс стварэння кніг, падзяліўся сваім вопытам, расказаў пра этапы напісання. Сустрэча завяршылася аўтограф-сесіяй і калектыўным фатаграфаваннем студэнтаў і выкладчыкаў з мінскімі гасцямі.